“Жыццё ў прапанаваных абставінах”. Саша Аўдзевіч расказвае пра падарожжа да Балтыкі на хэндбайку

Аляксандр Аўдзевіч, кіраўнік Лідскай міжраённай арганізацыі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў, сёлета здзейсніў падарожжа з Ліды ў Клайпеду. За 9 дзён ён пераадолеў каля паўтысячы кіламетраў. Перамяшчаўся Саша выключна на адмысловым веласіпедзе – хэндбайку. Пра ўражанні ад падарожжа ён распавёў “Твайму стылю”.


– Найперш, Саша, падзяліся сакрэтам, што матывавала цябе на падарожжа?


– Перад Новым годам на мясцовым тэлеканале ладзілі цыкл перадач, дзя пыталіся ў жыхароў Ліды, аб чым яны мараць і якія планы маюць на новы год. Пыталі ў розных людзей, і я аказаўся сярод іх.

 

Тады і сказаў першы раз, што хацеў бы паплаваць у Балтыйскім моры. Маўляў, падабаецца мне купацца. А на пытанне, як хачу туды дабрацца, адказаў, што на хэндбайку.

 

Уласна, гісторыя пачалася з таго, што мае словы пачулі. Са мной звязалася здымачная група з “Белсата” – яны прапанавалі рэалізаваць сумесны праект, дзе я меўся ехаць, а яны – здымаць пра гэта фільм.

 

– Якія цяжкасці чаканыя і нечаканыя напаткаліся ў падарожжы?

 

Калі шчыра, то першапачаткова я нават не задумваўся пра ступень верагоднасці здзяйснення падарожжа. Як кажуць, “ляпнуў”. На такім “прафесійным” байку я нават не ездзіў раней. А на сваім ніколі не прыходзілася пераадольваць больш 10-15 кіламетраў за раз. Нават не ўяўляў, колькі змагу за дзень праехаць.

 

Рэальна аказалася, што трэба праходзіць не менш за 50, аднаго дня нават сотню праехаў. Але ж пра гэтыя рэаліі ў мяне нават паняцця не было! Усе ўпершыню, усё нанова.

 

Можна з марафонам параўнаць – для звычайнага чалавека прабегчы марафон тэарэтычна магчыма. Але кожны асабіста не ведае, ці зможа пераадолець гэту дыстанцыю, як цела адрэагуе на нагрузку. Можа усё добра атрымаецца, а можа і не. Ніхто не  даведаецца, пакуль не паспрабуе.

 

Вось і з падарожжам так – трохі авантурыстычна закруцілася. Не было спецыяльнай падрыхтоўкі, разлікаў ці яшчэ якіх працэдур. Нават тое, як прымацаваць каляску да хэндбайка, мы зразумелі толькі напярэдадні выезду, вельмі спантанна, як і многае іншае ў гэтым праекце.

 

– Чаму не абралі прасцейшы шлях – сесці ў цягнік ці аўтобус, даехаць да гатэля…

 

Простыя шляхі гэта не цікава. Хочацца новых уражанняў. А яшчэ – хацеў паказаць іншым, што такое магчыма, натхніць іх сваім досведам.

 

У нас не было “пакрокавага плану” ці выбранага дакладнага маршрута. Увесь гэты шлях мы проста праходзілі, пражывалі прымаючы тое, што ён прапануе і назіраючы за сабою. Гэта была спроба жыцця ў прапанаваных абставінах – кожны дзень як сюрпрыз.

 

Многа прыгодаў было – сёрфінг напрыклад, ці нейкія забаўкі пад час шляху, сустрэчы з цікавымі людзімі. Бывала, мы заязджалі ў нечаканыя месцы, адхіляючыся ад найкарацейшага маршруту.

Таму “прыгодамі” рабіліся часам, здавалася б, простыя рэчы –  месцы стаянак, надвор’е, наяўнасць прыбіральні. 

Былі такія рэчы, каторыя пад час гэтага падарожжа давялося паспрабаваць рабіць упершыню – у Вільні вось іграў на драм-машыне – сінтэзатары. Паспрабаваў   ватсу-масаж і  сёрфінг – яно ўсё само, нібы выпадкова атрымалася – мы быццам аддаліся плыні жыцця, прымаючы прапанаваныя абставіны.

Зразумела, што часам было цяжка – нават здаровы чалавек у нязвыклай сітуацыі не можа быць заранёў пэўным ва ўсім. А для інваліда гэта яшчэ больш складана, бо магчымасці цела абмежаваныя.   

 

– Ты меў раней досвед падобных авантураў, ты спробаў пераадолець сябе ці прыняць складаныя абставіны?

 

Магу параўнаць гэта хіба з колішнім выездам на працу ў Нарвегію. Умовы не дужа мне спадабаліся, па факту прапанавалі не зусім тое, што я хацеў рабіць. Таму я проста сышоў з гэтага загадзя абумоўленага месца і амаль без грошай паехаў адзін у горад, каб знайсці працу, што будзе радаваць больш. Тады ўсё атрымалася, хаця зразумець мяне не ўсе захацелі і змаглі. Але я выбраў невядомасць і магчымасць самастойна прымаць рашэнні замест цярпець тое, што не падабаецца. А што тычыцца авантураў у інвалідным вазку, то гэта мой першы такога роду досвед. Ранейшыя былі больш прадуманымі і распланаванымі.

 

– Распавядзі пра цікавыя выпадкі падарожжа больш падрабязна.

 

Зараз не, каб не здраджваць ўсе таямніцы да выхаду фільма, што мантуюць мае сябры і спадарожнікі. Дзесці ў лістападзе будзе прэм’ерны паказ – і там пра ўсё можна будзе даведацца. Трэба трошку пачакаць.

 

– Што б ты хацеў пажадаць чытачам “Твайго стылю”?


Больш авантурызму і адкрытасці да свету, больш гатоўнасці да дзеяння. Каб чытачы вырасталі ў тых, хто чытае “Твой стыль” і іншыя выданні на роднай мове не толькі седзячы дома на канапе,  але і ў дальніх, цікавых і захапляльных падарожжах!

 

Здымкі з уласнага архіва Сашы Аўдзевіча

 

Чытай таксама:


Ад Ліды да Клайпеды на хэндбайку: інвалід-вазочнік Аляксандр Аўдзевіч даехаў да мора

 

“Людзі з абмежаваннямі прывыкаюць нікуды не хадзіць”

 

 Ваўкавыскі пенсіянер-інвалід збіраецца ў дэпутаты, каб змяніць жыццё навокал