На будаўніцтва гандлёвага цэнтру Trinity ў Гродне пакуль не ўдалося атрымаць крэдыт
Папярэдні кантракт на будаўніцтва Unibep SA з Бельска Падляшскага і “Трыніці Інвест” з Гродна падпісалі 14 красавіка. Чакалася, што ўлетку будзе атрыманы крэдыт у польскіх банках на выгадных умовах, але гэты працэс зацягнуўся.
Кажа старшыня Савету дырэктароў бельскага прадпрыемства Ян Мікалушка:
– Мы ідзем у добрым напрамку. Пошук мільёнаў еўра, бо мы гаворым пра вялізны крэдыт, гэта не простая задача. Але паступова мы прасоўваемся. Магу неафіцыйна сказаць, што ўжо ўзгодненыя ўмовы крэдытавання, і спадзяюся, што ў бліжэйшыя месяцы ўсе гэтыя камітэты па чарзе закрыюць справу крэдыту.
Мы так дамовіліся з інвестарам, што галоўная справа – гэта канчатковае вырашэнне пытання крэдытавання. Зразумела, што вельмі вялікая рызыка – пачынаць будаўніцтва да атрымання грошай.
Сума кантракту складае 264 млн злотых (амаль 66 млн еўра). Толькі частку з іх, 10 млн еўра, гатовы прадставіць сам беларускі інвестар. Калі ўдасца атрымаць крэдытныя сродкі, то будаўніцтва павінна быць скончана цягам 16 месяцаў.
Цэнтр Trinity, паводле праекту, сваімі плошчамі зойме больш за 60 тысяч квадратных метраў.
Бельскае прадпрыемства Unibep SA – гэта адзіная польская фірма, якая сёлета атрымала пяцігадовую ліцэнзію на будаўніцтва і генеральнае выкананне на тэрыторыі Беларусі. Прадпрыемства ўжо мае досвед працы ў нашай краіне, бо ў мінулым годзе да чэмпіянату свету па хакеі пабудавала чатырохзоркавы гатэль Victoria у Мінску.
У жніўні Unibep падпісана дамову з дзяржаўным прадпрыемствам “Аква-Мінск” на праектаванне і будаўніцтва ў мінскай Серабранцы “пад ключ” культурна-спартовага цэнтру з двума спартовымі заламі (9 і 4 крытых тэнісных кортаў адпаведна), адміністрацыйнай і гатэльнай часткай, басейнам і паркоўкай. Сума кантракта – 26,8 млн еўра. Гэтую інвестыцыю павінны сфінансаваць польскі банк BGK (85%) і беларускі Белаграпрамбанк (15%).