У Гродне дзеці не пайшлі ў школу, бо не могуць там вучыцца па-беларуску
– Для нас навучанне па-беларуску – гэта прынцыпова. Мы пайшлі на саступкі, а ў выніку атрымалася, што і гэтага немагчыма забяспечыць для Данілы. Няма сістэмы, якая б дазваляла без дыскрымінацыі, спакойна напісаць бацькам заяву і атрымаць магчымасць іхным дзецям навучацца па-беларуску. Альбо хаця б па індывідуальным маршруце. Калі ты пішаш такую заяву, то ты павінен быць падрыхтаваны да вялікай колькасці сустрэчаў з адміністрацыямі розных роўняў для таго, каб узгадніць розныя пазіцыі. Само па сабе – гэта дыскрымінацыйна.
Праз два дні ад пачатку адмовы бацькоў весці спачатку Данілу, а пасля Мікіту ў школу, якая ігнаруе моўную роўнасць, так і няма рэакцыі дырэктаркі гімназіі №10 Алены Зінчук. Пасля чатырох месяцаў дамагання беларускага навучання для Данілы, ён яго так і не атрымаў. Самому бацьку Ігару Кузьмінічу нічога не засталося, як накіраваць ліст ў абласны выканаўчы камітэт, дзе ён патлумачыў прычыну сваіх дзеянняў.