У Гродне Караткевіч заклікала ісці на выбары, а ёй падарылі банку з мёдам

|

Падчас сустрэчы зал “Цветліту” на Дзевятоўцы быў заняты поўнасцю, пабачыць кандыдата ў прэзідэнты прыйшлі прыкладна 200-250 гарадзенцаў. Цікава, што паглядзець на першага ў гісторыі кандыдата-жанчыну прыйшлі збольшага мужчыны, хоць былі таксама і мамы з малымі дзецьмі.

Пасля прамовы давераных асобаў, Сяргея Вазняка і Зміцера Бандарчука, слова ўзяла Таццяна. Яна закранула тэмы датацыйных прадпрыемстваў, якія ў любым выпадку маюць быць зачыненыя, расійскіх вайсковых базаў, прысутнасць якіх не дапушчальная згодна Канстытуцыі, дзяржбюджэту, адукацыі, медыцыны ды іншыя.

 

 

Першым жа пытаннем з залы была рэпліка пра ступень празрыстасці выбараў ды верагодныя фальсіфікацыі. Таццяна загадкава адказала, што палова беларусаў верыць у фальсіфікацыі, а палова – не, а таксама звярнулася да залы з заклікам:

 

– Я прашу вас прыйсці ў максімальнай колькасці на ўчасткі 11 чысла. Кампанія “ігнору” зараз не мае месца!

 

Некалькі разоў гучалі пытанні пра перспектывы беларускага войска, на якія ўзяўся адказаць кадравы вайсковец Сяргей Вазняк, які таксама выконваў абавязкі мадэратара размовы. Паводле Вазняка, прызыў мае застацца, але скароціцца працягласць службы. Згодна еўрапейскаму досведу, для таго каб вывучыць вайсковага спецыяліста хапае паўгода або году. Галоўнае, каб навабранцы займаліся навучаннем, а не быдаўніцтвам генеральскіх лецішчаў.

 

Не абыйшлося і без экалагічных пытанняў, сярод якіх на першым месцы апынулася сітуацыя вакол АЭС.

 

– Я чула, што з АЭС нешта не так, – адказала Караткевіч, – ёсць жа чуткі пра парушэнні падчас будаўніцтва. Ну і наогул, калі беларусы там будуць толькі працоўнымі, а прыбыткі будзе мець Расія, то навошта тое трэба?

 

 

Самым кранальным пытаннем з залу быў выхад маладой мамы з дачкой на руках са словамі:

 

Сёння я пачула чарговае “не”, спрабуючы ўладкавацца на працу. Муж атрымлівае пяць мільёнаў. Як нам жыць?

 

Таццяна адказала, што краіне патрэбныя эканамічныя перамены, якія не пакінуць маладыя сем’і сам-насам з іх праблемамі.

Гучалі таксама пытанні пра МУС, люстрацыю, стаўленне да футбольных фанатаў і… да Зянона Пазняка. Вобшукі фанатаў перад уваходам на стадыён, напрыклад, Таццяна прызнала заганнай практыкай і выказала салідарнасць з фанамі мінскага “Дынама”. Да Зянона, згодна Караткевіч, варта ставіцца як да гістарычнай асобы.

 

Сваім аўтарытэтам у міжнароднай палітыцы Таццяна прызнала Ангелу Меркель, а сярод палітыкаў-беларусаў – нядаўна адышоўшага Аляксея Караля, які некалі ўзначальваў сацыял-дэмакратычную партыю, а апошнім часам быў рэдактарам газеты “Новы Час”.

 

Ужо напрыканцы ў зале паднялі тэму зніклых палітыкаў.

 

Я асабіста была ў гасцях у мамы Юрыя Захаранкі, – адказала Таццяна, – я бачыла, як яна чакае навінаў пра лёс сына… Я за тое, каб людзі нарэшце даведаліся праўду.

 

Па заканчэнні прагучалі воплескі, а Таццяна зноў заклікала прысутных прыйсці на ўчасткі 11 кастрычніка. Ахвочыя засталіся для фотаздымкаў і аўтографаў ад кандыдата ў прэзідэнты, а нехта нават падарыў кветкі ды… банку з мёдам.

 

Фота Вольгі Мілавай

 

Чытай таксама:


“Калі Лукашэнка запросіць у каманду, то будзем думаць”. Пра што пыталіся ў Таццяны Караткевіч у Скідзелі


Таццяне Караткевіч на пікеце ў Гродне падарылі ружы і прапанавалі збіраць кнігі для бібліятэкі


Таццяна Караткевіч: “Гродна павінен быць гістарычнай Мекай для ўсiх беларусаў”


Што рабіць, калі “прэзідэнт” Караткевіч пойдзе ў дэкрэт?


Анлайн-канферэнцыя з Таццянай Караткевіч на “Тваім стылі