Аварыя на гродзенскім шклозаводзе: з печы выцекла 5 тон расплаўленага шкла

|

Для ліквідацыі аварыі выклікалі МНС. Персанал цэху сам пакінуў небяспечную зону, іншае абсталяванне не пацярпела. Плошча расцякання шкломасы склала каля 40 квадратных метраў.

 

Выратавальнікі прыбылі на месца здарэння праз пяць хвілінаў пасля выкліку. Яны ахалоджвалі вадой шкломасу, а супрацоўнікі цэха зніжалі тэмпературу ў печы. Выхад шкла з печы спынілі. Усяго ў момант аварыі там было 80 тон расплаўленага шкла, разлілося болей за 5 тон.

 

Як адзначаюць у прэс-службе МНС, у такой сітуацыі магло разліцца 15 тонаў шкломасы, аднак аператыўныя дзеянні персаналу і выратавальнікаў мінімізавалі наступствы аварыі. Пацярпелых няма. 

 

“Праца цэха прыпыненая да высвятлення прычын і падрыхтоўцы печы да далейшай эксплуатацыі. Прычына інцыдэнту высвятляюцца”, – канстатавалі ратавальнікі.

ААТ “Гродзенскі шклозавод” – высокамеханізаванае прадпрыемства па выпуску шклавырабаў. Гэта адзіны завод у Беларусі, які вырабляе тару з зялёнага шкла, армаванае і ўзорыстае шкло.