Турызм аб’ядноўвае: у Гродне сабраліся спартсмены з Расіі, Беларусі і Украіны
– Дзякуй вялікі братам-беларусам за такі цёплы прыём. Нам усё падабаецца і мы рады, што ўдзельнічаем у падобных спаборніцтвах. Арганізацыя на вышэйшым узроўні. Няма ніякага негатыву. Я лічу, што такія мерапрыемствы трэба праводзіць значна часцей, менавiта з-за праблем, якія ўзнікаюць зараз паміж краінамі, – распавёў прадстаўнік украінскай каманды Барыс Міхайлавіч
Адкрыццё спаборніцтваў прайшло ў парку Жылібера.
У чэмпіянаце прымае ўдзел 16 каманд, у іх складзе 170 чалавек. Прыехалі каманды з Масквы, Луцка і Кіева. Беларусь прадставілі ўсе вобласці, а таксама асобныя спартыўна-турыстычныя клубы, якія маюць адпаведную падрыхтоўку.
У першым дні спаборніцтваў каманды змагалicя ў цэнтры Гродна, у раёне ракі Гараднічанкі.
А 3 кастрычніка спаборніцтвы будуць праходзіць ва ўрочышчы Мелавыя горы. Там каманды будуць спаборнічаць на доўгіх дыстанцыях у камандным і асабістым заліках. 4 кастрычніка – у камандных заліках на кароткай дыстанцыі.
Адкрыты чэмпіянат Беларусі праводзіцца з мэтай папулярызацыі спартыўнага турызму як эфектыўнага сродка ўсебаковага гарманічнага развіцця асобы і прапаганды здаровага ладу жыцця. Таксама арганізатары адзначаюць, што чэмпіянат паслужыць умацаванню міжнароднага супрацоўніцтва, развіццю спартыўнага турызму ў розных краінах.