Дзе у Гродна пагуляць у настолкі: гульні на любы густ і узрост

Настольныя гульні робяцца ўсё больш папулярным варыянтам баўлення часу. Цяпер гэта не толькі даміно і шашкі. Для дарослых таксама знойдуцца гульні на любы густ, а мы падкажам месца. 

Антыкафэ “Жывы час”

Настольныя гульні – гэта адзін з варыянтаў баўлення часу, які прапануе антыкафэ. Гульні ёсць як для дзяцей, так і для дарослых. Гуляць кампаніі прыходзяць не так часта – а калі прыходзяць, выбіраюць гульні з няцяжкімі правіламі. У дарослых у прыярытэце “Alias”, мафія і ”Манчкін”. Дзецям у антыкафэ прапануюць “Сырные мышки”, “Черепашьи бега” и “Баланс”. Дарэчы, аматары пагуляць у мафію збіраюцца у антыкафэ раз-два на тыдзень. Гаспадыня антыкафэ Кацярына Забеліна цікавіцца мастацтвам, таму яшчэ тут можна знайсці арт-лато. А таксама – пакуль унікальную для Гродна гульню “Secret Box”, пра якую хутка раскажа “Твой стыль”.  

Нават калі ў антыкафэ мерарыемства, кампанія з 6-ці чалавек зможа заняць маленькую залу.

Кошт: па тарыфу антыкафэ: гадзіна – 25 тыс. Можна ўзяць безліміт на вечар – 50 тыс.

Дзе знаходзіцца: вул. Карла Маркса, 13.

Дадатковыя плюсы: у кошт уключаецца пячэнькі, кава, гарбата і вай-фай.

 

 

 

“Крама Ц”

Ужо паўгады першая крама-клуб настольных гульняў “Кубік” месціцца на прасторах “Крамы Ц”. “Кубік” застаецца самым вядомым месцам, дзе можна набыць настолькі і пагуляць у іх. На вялізным стэлажы вы знойдзеце самыя разнастайныя гульні розных памераў са, здаецца, усімі дапаўненнямі. Карыстаюцца папулярнасцю “Ёрш”, “Эвалюцыя” і “Квіток на цягнік”. Таксама можна пацягаць драўляныя галаваломкі ад крамы “33 камода”. У адрозненні ад антыкафэ, аматары гульняў гатовыя вытрачаць час на вялізныя кнігі правіл. Да таго ж, “Кубік” па чацвяргах ладзіць гульнятэкі, дзе знаёміць з навінкамі. Навінкі і гульні па матывах кіно і камп’ютарных гульняў з’яўляюцца ў краме рэгулярна.  Што самае прыемнае – гульні можна ўзяць дамоў, заключыўшы простую дамову.

Кошт: 30 тыс. – пагуляць у “Краме Ц”

65 тыс. – арэндаваць на два дні.

Дзе знаходзіцца: вул. Вялікае Траецкая, 16

Дадатковыя плюсы: у “Краме Ц” можна купіць газаваныя напоі, а таксама гарбату і каву на любы густ. Да кавы вам прапануюць сіроп, ванільны цукар і карыцу.

 

Клуб настольных гульняў “Партал”

Стваральнікі клуба праводзяць гульнятэкі для дзетак у цэнтры творчасці “Спектр”. А таксама – штопятніцы праводзяць начныя гульнятэкі з 20.00 да 05.00. У клубе можна знайсці гульні на любы густ, а пастаянныя наведвальнікі ўжо сталі добрымі сябрамі. Летам яны ходзяць у лясныя паходы з настолкамі https://vk.com/portal_v_lesu, адзначаюць разам Новы год, а таксама праводзяць тэматычныя гульнятэкі – напрыклад, на Хэлоўін https://vk.com/event78318322. Час ад часу можна трапіць на турніры па пэўным гульням і выйграць прызы – арганізатары ўжо правялі турніры па Alias, Bang, BoardGameCon, Dixit і Game of Thrones. Перад турнірамі праводзяць некалькі папярэдніх гульнятэк, якія знаёмяць гульцоў з правіламі.

Кошт:  50 тыс.

Дзе знаходзіцца: вул. Савецкіх Пагранічнікаў, 96

Дадатковыя плюсы: безлімітныя пячэнькі і кава-гарбата, а часам – бутэрброды з калбасой.

 

Кафэ “Піплз”

Часам настольныя гульні з’яўляюцца ў барах ды кафэ, каб наведвальнікі весялей бавілі час. У кафэ мы знайшлі вежу джанга, “Ёрш”, “Уно” і даміно. Дзяўчына за стойкай распавяла, што карыстаецца папулярнасцю джанга. Гульню “Ёрш” бяруць неахвотна – што цікава, бо яна створана адмыслова да застолляў.

Кошт: 50 тыс. за гульню  

Дзе: вул. Пушкіна, 29А

Дадатковыя плюсы: у кафэ можна паесці, выпіць піва і паглядзець футбол з іншымі заўзятарамі