Каця Неўгень: пра “размовы ў зяленым”, творчасць і жыццёвыя дробязі
– “Пленэр” – такое загадкава-прыгожае слова, нават трошкі страшна пра яго распытваць. А для мастакоў, мабыць, амаль руціна? Як часта табе даводзіцца выязджаць на такія імпрэзы, асабліва за мяжу?
– Шчыра кажучы, гэта мой першы мастацкі пленэр, звязаны з тэкстыльнай скульптурай. Канечне, у студэнцкія гады такая фомра працы выкарыстоўвалася часта. Але як прафесіянал, што працуе з тэкстылем, я патрапіла на пленэр упершыню, і адразу на замежны. У мінулы годзе калегі таксама збіраліся на падобнае мерапрыемства, ладзілі яго ў Смалявічах пад Мінскам, але ў мяне не атрымалася прыехаць. А сёлета арганізатары дамовіліся са славацкімі партнёрамі і вывелі падзею на міжнародны ўзровень, што, канечне, дадало матывацыі многім, і мне таксама.
– Якая тэма ці ідэя аб’ядноўвала мастакоў на пленэры?
– Стала традыцыяй задаваць тэму імпрэзы колерам. Мінулагодні пленэр быў белым, а сёлетні меў назву “Размовы ў зялёным”. Гэта, дарэчы, яшчэ адзін моцны матыватар удзелу для мяне – я вельмі люблю зялёны колер. Задачай кожнага было стварыць фармальную кампазіцыю з максімальна спрошчанымі формамі і абагульненым зместам. Шырыня тэмы, што задаецца колерам, дазваляе аб’яднаць мастакоў, даць магчымасць кожнаму на сваёй мове “выказацца ў зялёным колеры”.
– А што стварыла ты пад час пленэру?
– Мая праца называлася “бясконцая размова”. Тут дзве бабулькі – адна вяжа шалік, а другая распускае яго з іншага канца і зматвае ў клубок…
– Яны такія цёплыя, утульныя, вось гляджу на іх і шчыра веру, што ім добра разам, што яны насамрэч могуць бясконца так весці свае размовы, і не важна, ці давяжацца калі-небудзь да канца той шалік…
– Так, менавіта пра гэта мне і хацелася сказаць. Я з некаторага часу стала больш любіць сам працэс стварэння працы. Зараз вынік успрымаецца часцей як натуральнае сканчэнне працэсу, прыкмета яго вычарпанасці, чым як нейкая дасягнутая мэта. Нават фатаграфую свае працы зараз часцей “у працэсе”.
Мне доўга не ўдавалася прыдумаць, што зрабіць. Я часцей раблю цацкі з воўны ці пластыкі, яны вельмі канкрэтныя, з дробнымі дэталямі, кожная мае свой характар.
Таму “фармальная” кампазіцыі для мяне не дужа звыклая сітуацыя. Перабірала свае запасы воўны ўсіх адценняў зялёнага, пакуль не нарадзілася ідэя “бясконцай размовы”. Канечне, для “фармальнай” кампазіцыі яна занадта “канкрэтызаваная”, але менавіта ў такім выглядзе ідэя для мяне ўвасобілася. І змяняць нешта, каб проста падагнаць пад патрабаванні, не хацелася, гэта было б як па жывому рэзаць. Яны такія, якія ёсць, я іх прыняла, і яны мяне радуюць.
Дарэчы, у Славакію я брала з сабой яшчэ адну сваю ляльку – у народным беларускім строі. Арганізатары папрасілі зрабіць яе для музея лялек народаў свету.
Мы наведвалі яго ў межах нашай культурнай праграмы. Лялек з воўны ў нацыянальным строі мне раней таксама не даводзілася рабіць. Вырашыла, што не буду шукаць канкрэтны прататып. Лялька не мае яўных прыкметаў нейкай мясцоваці. Хацелася перадаць нешта агульнае, што ёсць у беларускім строі і характары – колеравую гаму, форму адзення, настрой. Каларыту дадаў і традыцыйны жаночы галаўны ўбор – намітка. Так усе разам гэтыя дэталі зрабілі вобраз пазнавальным, беларускім.
– Ты робіш цацкі, лялькі – такія на першы погляд несур’ёзныя рэчы. Гэта толькі “для душы”? Можа, ты таксама робіш нешта больш утылітарнае?
– У мяне так атрымалася, што не “для душы” не працуецца. Лялькі з воўны і пластыкі – гэта асноўная частка маёй працы. Канечне, тут ёсць свае складанасці. Яны многім падабаюцца, выклікаюць замілаванне. У сацсетках любяць такое лайкаць.
Але з пункту гледжання заробку ўсё не так проста. Манетызаваць такую працу больш складана, чым пабытовыя рэчы. З тае нагоды часам з’яўляецца жаданне пайсці па больш простым шляху і пачаць рабіць тапкі. Але з іншага боку, вось нават на гэты пленэр мяне запрасілі не ўтылітарныя рэчы рабіць, не тапкі лямцаваць. Такім чынам гэтыя імпрэзы, сустрэчы, выставы, яны вельмі важныя для мастакоў у сэнсе вывярэння свайго шляху, падтрымкі творчых намераў.
– То бок, аргумент заробку таксама дыктуе свае правілы? Як суадносяцца праца для творчасці і дзеля грошай – сумяшчаюцца ці існуюць паасобку?
– У нейкі момант прышло разуменне, што праца рамесніцкая і мастацкая гэта розныя рэчы. Вось без ацэнак. Не горшыя-лепшыя адна за адну, а проста розныя. Мэта рамесніцкай працы – прадаць.
Таму і робяцца “стандартныя” рэчы ў вялікай колькасці. Выбіраецца тое, што добра прадаецца, мае попыт. Іншая справа – мастацкае асяроддзе. Тут важна стварыць уласны стыль, зрабіць свае творы ўнікальнымі і пазнавальнымі, напрацаваць імя, ператварыць яго ў брэнд.
Для мяне, як для многіх мастакоў, асабліва для жанчын у мастацтве, важна трымаць у фокусе ўвагі абодва аспекты. Зарабляць грошы не менш важна, чым ствараць высокамастацкія творы. Гэта таксама дадае ўпэўненасці ў сваіх сілах, служыць пацверджаннем каштоўнасці сваёй працы, дае пэўную творчую свабоду, магчымасць самавыражэння хаця б праз магчымасць набываць якасныя матэр’ялы. Сёння немагчыма працаваць толькі дзеля таго, каб паставіць чарговую прыгожую рэч на палічку. Таксама, як і чакаць, што нехта цябе заўважыць і ацэніць. Мастаку трэба быць адначасова яшчэ і рамеснікам, і мэнэджарам.
– А што было пачаткам творчасці? Як даўно мастацтва ўвайшло ў тваё жыццё?
– Самы пачатак, безумоўна, з сям’і. Мае блізкія жанчыны – рукадзельніцы і вялікія майстрыхі. Бабулін альбом з узорамі вязання кручком я захоўваю, як сямейную рэліквію.
Цёця мая батык рабіла яшчэ тады, калі пра яго мала што чулі. І ва мне разглядзелі мабыць гэты агеньчык творчасці і аддалі ў мастацкую школу. Потым у коледжы вучылася, працавала. А за тое, што атрымала вышэйшую мастацкую адукацыю, трэба дзякаваць брату. Калі пачалі абмяркоўваць, маўляў, добра было б вучыцца далей, ён паабяцаў падарыць мне свой ноўтбук, калі паступлю. Вось такі нечаканы матыватар і спрацаваў. І лялькі прыкладна тады прышлі ў маё жыццё. Дыпломная праца была ўжо “лялечнай” – дзяўчынка, што заснула чытаючы кніжку.
– Вяртаючыся да тэмы пленэра – навошта табе ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах, што яны даюць?
Найперш, гэта пагружэнне ў атмасферу творчасці. Адразу многа эмоцый, размоў, абмеркаванняў, новай інфармацыі – нешта новае ўбачыць, адчуць, перажыць. Гэта напаўняе, дае штуршок да новых дзеянняў, нараджэння новых ідэй, пашырэння бачання свету. Такое адчуванне, як патрапіць у моцную плынь – яна многа бярэ, але многа і дае. Адчуванне, што гэты паток проста зносіць лішняе, састарэлае, ачышчае зрок, дае новае бачанне. Зараз ёсць адчуванне такой напоўненасці, унутранага бурлення. Хочацца трошкі прыпыніцца, асэнсаваць, што адбылося, пабыць сам-насам з сабою. Ведаю, што гэта бура эмоцый будзе сцішвацца, і з яе народзяцца новыя ідэі, паўстануць новыя працы.
Канечне, вельмі важна, што пазнаёмілася і пасябравала з калегамі. Гэта вялікая каштоўнасць – адчуваць сябе часткай мастацкай суполкі, мець сяброўскую падтрымку ў сваім асяроддзі. Восень – час выставаў, сустрэч, падрыхтоўкі да калядных кірмашоў. Добра калі такія падзеі, ды ў цалкам творчае жыццё, адбываюцца ў прыязнай сяброўскай атмасферы.
– Сярод нашых чытачоў таксама нямала творчых людзей. Што хацелася б пажадаць ім, ці параіць тым, хто пачынае свой творчы шлях, адчувае неабходнасць прысутнасці мастацтва ў сваім жыцці?
Хочацца параіць, каб шукалі аднадумцаў, стваралі сяброўскае кола, якое дасць падтрымку і станоўчыя эмоцыі. Часта бывае, што таленавітай асобе цяжка “прабіцца”, хутчэй заўважаюць тых, што ўмеюць рэкламаваць, прасоўваць сябе. Таму пачаткоўцу, майстру ці мастаку, вельмі важна патрапіць у прыязнае кола прафесіяналаў, сяброў, каторыя дапамогуць і падтрымаюць у жыццёвых пытаннях. Але з іншага боку – каб такое кола цябе прыняло – на гэта трэба заслужыць. Сваёй працай, адданасцю творчасці, даверам да сваіх пачуццяў. Вось гэтага – даверу да сябе і сяброўскай падтрымкі і хачу пажадаць усім чытачам “Твайго стылю”.
Здымкі з уласнага архіва Каці Неўгень