Дзень архівіста ў нацыянальным архіве: “Да нас прыязджаюць і з Японіі, і з Аўстраліі”
6 кастрычніка ў Беларусі адзначаюць Дзень архівіста ў гонар гадавіны заснавання першага дзяржаўнага архіва на тэрыторыі сучаснай Беларусі – Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг, які пачаў сваю працу ў 1863 годзе.
Гарадзенскі нацыянальны гістарычны архіў таксама мае багатую гісторыю. У гэтым годзе ён адзначыў юбілей – 75 гадоў. Першапачаткова архіў знаходзіўся на плошчы Леніна, у будынку пабудаваным у другой палове XVIII стагоддзя. Але стары дом не мог забяспечыць неабходныя ўмовы для захаванасці ўсіх дакументаў, якія маюць вялікую гістарычную і культурную каштоўнасць і колькасць якіх пастаянна павялічвалася.
Так каля году таму нацыянальны архіў пераехаў у сучасны будынак па вуліцы Гаспадарчай.
Новы трохпавярховы будынак агульнай плошчай прыкладна 3,5 тыс. кв.м рэканструяваны з колішняга даўгабуда. Сховішчы абсталяваныя сучаснымі металічнымі стэлажамі, у іх уладкованая прытокава-выцяжная вентыляцыя, рэгулююцца тэмпература і вільготнасць. Як патлумачыла дырэктарка архіва Таццяна Афанасьева, сховішчы спецыяльна пабудаваныя без вокнаў, бо сонечнае святло негатыўна ўздзейнічае на старадаўнюю паперу.
– Пераезд у нас атрымаўся, усе дакументы ў захаванасці. І нават тыя, пра якія казалі, што мы іх страцілі, калі пераязджалі. Невядомыя людзі ўсё вярнулі ў захаванасці.
Вось ужо год як мы ў новым будынку. Шчыра скажу, усе задаволеныя. Многіх бянтэжыць, што мы знаходзімся на ўскраіне горада, але магу запэўніць, што на наведвальнасці гэта не адбілася. У нас штодня наведвальнікі, як мясцовыя, так і прыезджыя. У дзень прыходзіць шмат канвертаў. Электронная пошта таксама ў нас імгненна запаўняецца.
align=”” width=”725″ height=”544″ >
Людзі цікавяцца ў асноўным сваёй генеалогіяй, і гэта не звязана толькі з Картай паляка. Ёсць гарадзенцы, якім проста цікава вывучыць свой род. Таксама штодня ў архіве можна заўважыць і замежнікаў. Сёння гэта палякі. Пётр прыехаў з Варшавы і вывучае гісторыю гарадзенскіх касцёлаў.
– Добры і сучасны архіў, у якім вельмі зручна працаваць. Вельмі многае ўдалося ўжо знайсці, але мне трэба будзе яшчэ шмат чаго вывучыць.
Шмат цікавых гісторый адбываецца ў чытальнай зале.
– Зусім нядаўна да нас прыязджала студэнтка з Японіі, якая карысталася дакументамі дзвюх рэвалюцый ХIХ стагоддзя. Гэта дзіўна, але ёй гэта трэба было. А адна гарадзенка пры вывучэнні метрык даведалася, што ў яе ў родзе шмат людзей загінула ад удару маланкі. Магчыма, атрыманыя дадзеныя выратуюць ёй жыццё.
Сярэдняя наведвальнасць бібліятэкі і чытальнай залы – 10 чалавек у дзень. Пры вывучэнні архіўных дакументаў людзі адкрываюць для сябе зусім незвычайныя звесткі. Хтосьці, напрыклад, пазнае, што паходзіць са знатнага роду.
– Аднойчы ў архіў прыйшла дзяўчына, якая ведала, што яе далёкі сваяк быў вядомым святаром. Але пры вывучэнні рассакрэчаных дакументаў стала ясна, што сваяк быў зусім не святар, а спецыяльны шпіён. Таму гісторыі бываюць зусім розныя. Дзверы нашага архіва адкрыты для жыхароў Гродна. Магчыма і яны калі-небудзь пазнаюць сваіх даўніх сваякоў.
У Нацыянальным гістарычным архіве Гродна на захоўванні знаходзіцца 1310 фондаў, гэта больш 415,2 тыс. адзінак захоўвання (спраў), больш за 17 тыс. адзінак навукова-даведачнай бібліятэкі, дакументы па гісторыі Гродна XIX-XX стагоддзяў. Тут таксама маюцца некаторыя дакументы за XVI-XVIII стагоддзя. Ёсць дакументы звязаныя з біяграфіямі такіх вядомых асоб мінулага, як Міхал Клеафас Агінскі, Напалеон Орда, Ігнат Крашэўскі, Тадэвуш Касцюшка, Эліза Ажэшка, Людвіг Заменгоф і іншыя.
6 кастрычніка ў Дзень архівіста ў супрацоўнікаў звычайны працоўны дзень. Адзначаюць сваё прафесійнае свята архівісты ў выходны дзень, у асноўным гэта паездка па гістарычных мясцінах Беларусі. У гэтым годзе спецыялісты паехалі па месцах Элізы Ажэшкі.