На курсах “Моваведа” ў Гродне абяцаюць не толькі ўдасканаліць мову, але і палепшыць жыццё

|

На “Моваведзе” раскажуць, як удала выйсці замуж


“Я хачу, каб курсы праходзілі не сумна-акадэмічна”, – кажа Таццяна. Накіраванасць яе курсаў – развіццё асобы і фармаванне беларускіх каштоўнасцей у чалавека. Яна плануе стварыць моўную прастору, дзе людзі змогуць не толькі размаўляць па-беларуску, а і абмяркоўваць жыццёва важныя пытанні.

“Каштоўнасці беларусаў гэта глеба, на якой стаіць народ”, – кажа Таццяна. Сярод беларускіх каштоўнасцей першае месца займае сям’я. У Таццяны запланаваны цэлы блок “сямейных” тэмаў: як будаваць шчаслівую сям’ю, як выхоўваць дзяцей, як наладжваць стасункі паміж мужам і жонкай, як удала ажаніцца ці выйсці замуж.

 

Не меншае значэнне мае тэма “як знайсці сябе ў жыцці” – свае прызванне і прызначэнне. Будуць разглядацца і такія якасці, як працавітасць, гасціннасць і мэтанакіраванасць. Дзякуючы заняткам гарадзенцы змогуць больш палюбіць сваю краіну, яе мову і культуру.

 

“З’яўленне курсаў беларускай мовы сведчыць пра абуджэнне нацыі”

 

“Дарослыя не асабліва хочуць вучыцца”

 

Заняткі будуць праходзіць у свабоднай атмасферы. Да пэўнай тэмы Таццяна будзе рыхтаваць беларускую лексіку. На занятку будзе дыскусія і інтэрактыў: гульні і цікавыя заданні. “Мы будзем вучыцца слухаць адзін аднаго, заўважаць недахопы маўлення і выпраўляць іх”, – кажа Таццяна.  Цягам заняткаў у гарадзенцаў будзе магчымасць вывучаць фанетыку, арфаэпію, арфаграфію і сінтаксіс. Асаблівую увагу Таццяна надае фразеалогіі – бо гэта “адбіткі каштоўнасцей народа”. Навучэнцы будуць сустракацца з адметнымі беларускімі канструкцыямі і звяртаць увагу на правілы.

 

“Дарослыя не асабліва хочуць вучыцца. Да таго ж, многія людзі ведаюць мову, але не карыстаюцца ёй. Таму яе трэба проста ўдасканаліць. Але будзе так цікава, што можна не толькі ўдасканаліць мову, але і пашырыць светапогляд, абмяняцца думкамі з іншымі людзьмі і палепшыць уласнае жыццё”.

 

Як кажа Таццяна, самы папулярны метад авалодання мовай – камунікатыўны. Менавіта яго яна збіраецца выкарыстоўваць на занятках. Але ўсё будзе залежыць ад аўдыторыі. Выкладчыца ўпэўнена, што да кожнай аўдыторыі трэба знайсці свой падыход. “Цудоўна, што ёсць розныя курсы і розныя падыходы. Для спартоўцаў, для дзетак… Кожны чалавек нясе свае адметнасці і будзе дзейнічаць згодна са сваім унутраным светам”, – кажа Таццяна.

 

“Выкладчыкі зрабілі мову асноўнай каштоўнасцю майго жыцця”

 

Пакуль Таццяна выкладае самайстойна. Кажа, што пры неабходнасці, калі стане больш слухачоў, з іх вылучацца лідары-памочнікі. “Увогуле, амаль усе слухачы курсаў “Моваведа” ў чымсьці лідары, – з задавальненнем распавядае пра сваіх навучэнцаў Таццяна. – Хлопец Віталь арганізаваў Кніжны клуб для аматараў беларускамоўнай літаратуры. Наталля піша лісты да духавенства, каб набажэнствы праводзіліся па-беларуску. Ала, якая мае прыватнае прадпрыемства па вырабе мэблі, распрацоўвае беларускамоўную дакументацыю для бізнэсоўцаў, а Наталля вядзе справаводства па-беларуску”.

 

У канцы Таццяна дадала: “Гэта адказнасць – быць прадстаўніком свайго народа, сваёй нацыі. Няхай на нашых сучасніках не спыніцца развіццё мовы. Трэба ведаць мову, каб перадаць яе сваім дзецям і ўнукам. Як казаў Францішак Багушэвіч, добра ведаць суседскую мову, але найперш трэба ведаць сваю. Скажу словамі Францыска Скарыны: “Любіце і шануйце, як святыню роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў”. Мова – гэта святыня наша. Так мяне навучылі мае выкладчыкі: Іван Якаўлевіч Лепешаў, Павел Уладзіміравіч Сцяцко, Ала Мікалаўна Петрушкевіч, Алена Віталеўна Руцкая, Руслан Канстанцінавіч Казлоўскі ды іншыя. Яны зрабілі мову асноўнай каштоўнасцю майго жыцця. І я хачу перадаць гэта іншым людзям”.

 

Заняткі будуць праходзіць кожны чацвер па адрасе Будзёнага 48Б (невялічкі дамок побач са стаянкай каля Будзёнага 48А). Інфармацыя пра заняткі з’явіцца ў сацсетках і на гарадзенскіх сайтах.