Беларускія волаты ў Гродне змагаліся за званне наймацнейшага

|

Чэмпіянат сабраў усіх наймацнейшых – ад юных талентаў да чэмпіёнаў і прызёраў Алімпіяд, сусветных першынстваў і чэмпіянатаў Еўропы. Сярод спартсменаў было шмат удзельнікаў і з Гарадзенскай вобласці.

Для цяжкаатлетаў чэмпіянат стаў сур’ёзным стартам у сезоне. Лепшыя з іх прадставяць Беларусь у лістападзе на чэмпіянаце свету ў ЗША. А там ужо спартсмены могуць заваяваць ліцэнзію і атрымаць права на ўдзел у Алімпійскіх гульнях 2016 года.

align=”” alt=”Чемпионат Беларуси по тяжелой атлетике цяжкая атлетыка чэмпіянат Беларусі” width=”725″ height=”487″ >

– У Беларусі падрастае дастойная змена цяжкаатлетаў. Ужо ў бліжэйшыя гады мы чакаем ад іх найвышэйшых вынікаў. Цяжкая атлетыка – гэта і ёсць беларускі спартыўны брэнд. За апошнія чатыры Алімпіяды нашы цяжкаатлеты без медалёў не вярталіся, – адзначыў Аляксандр Курловіч, двухразовы алімпійскі чэмпіён, кіраўнік прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта па Гарадзенскай вобласці.

Дарэчы, менавіта яму належыць ідэя правесці чэмпіянат краіны ў Гродне. Турнір ад гэтага, кажуць удзельнікі, толькі выйграў.

 

Як адзначылі спецыялісты, у Гродне чэмпіянат прайшоў на высокім узроўні. Выдатная спартыўная база, інфраструктура і многае іншае дазволілі гораду правесці ў сябе трэці па ліку чэмпіянат Беларусі па цяжкай атлетыцы.

 

У апошні дзень чэмпіянату адбыліся спаборы паміж найцяжэйшымі мужчынамі, сапраўднымі зубрамі. Прадэмантраваць майстэрства штуршкоў і рыўкоў маглі хлопцы вагою да 105 кг і звыш 105 кг. У выніку найлепшыя паказальнікі далі на дзіва спартоўцы катэгорыі да 105 кг.

 

Першае месца атрымаў майстар спорту Аляксандр Венскель з лідскага “Дынама” з агульным вынікам 400 кг. Другое – МС Аляксандр Бярсанаў (Віцебск) з 398 кг. Трэцяе – МС Дзмітры Мірановіч (Менск) з 331кг.

 


 

Вынікі катэгорыі мужчыны звыш 105 кг наступныя: 1 месца – Міхаіл Аўдзееў з Барысава (389кг), 2 месца – Дзяніс Лэкэтуш з Віцебска (386кг), 3 месца – Ілля Лебедзеў з Віцебска (367кг).

 

Падчас чэмпіянату было ўстаноўлена некалькі рэкордаў краіны ў цяжкай атлетыцы. Пётр Асаёнак устанавіў рэкорд сярод мужчын у катэгорыі да 85 кг з вынікам у штуршку 213 кг. А Вадзім Стральцоў з Магілева ў катэгорыі да 95 кг даў вынік з двума рэкордамі: штуршок 226 кг і агульны 407 кг.

 

Фота Яна Лялевіча