Гарадзенцы пабачылі “Інтэрсэкс”: квір-кінафестываль “Дотык” праходзіць у Гродне
Са словаў адной з арганізатарак Ані Лок, “Дотык” гэта квір-праект, накіраваны на разбурэнне шкодных стэрэатыпаў у грамадстве. “Мова мастацтва, – кажа яна, – дазваляе скасаваць межы паміж людзьмі”. На думку Ані менавіта мастацтва і адукацыя могуць стаць універсальнымі пляцоўкамі, дзе розныя сацыяльныя групы могуць пазнаёміцца і паразумецца.
Наведвальнікі антыкавярні гэтым вечарам маглі адчуць дотык “Дотыка” не толькі праз прагляд кіно. На ўваходзе гасцям прапаноўвалі літаральна дакрануцца да рукі пячаткаю, што пакідала на скуры адбітак марскога коніка, сімвала фестывалю.
А дакрануцца да кіно можна было праз дакументальную стужку “Інтэрсэкс” рэжысёра Гранта Лахуда. Яна распавядае пра гісторыі інтэрсэксуальных людзей. Паводле статыстыкі, 1 з 2000 дзяцей нараджаецца з нявызначаным полам. Стужка ўздымае пытанні дапушчальнасці медыцынскага ўмяшальніцтва для “выпраўлення полу”, магчымасці распараджацца лёсам дзіцяці і цяжкасцей успрыняцця ў далейшым інтэрсэксуаламі сваёй адрознасці. Гэтыя праблемы і сталі тэмамі для абмеркавання.
Дар’я Трайдэн, якая мадэравала дыскусію, адзначыла адкрытасць і шчырасць гарадзенскай публікі. “Добра, што вы гатовы дзяліцца думкамі і меркаваннямі на гэту тэму. Нашы размовы дазваляюць вывесці квір-асобаў з ценю, зрабіць іх бачнымі. Гэта важна для ўзаемапаразумення ў грамадстве”.
“Не так часта рэальна ёсць патрэба дакладна ведаць пол асобы. Гэта інфармацыя можа быць неабходна хіба толькі пры лячэнні пэўных захворванняў”. Яна звярнула ўвагу, што ў сацыяльным жыцці важней не пол, а асоба чалавека, яго сістэма каштоўнасцей, жыццёвыя інтарэсы: “Палавыя органы гэта толькі частка чалавека, а не ўвесь чалавек”.
Фестываль не абяцае даць гатовыя адказы на ўсе складаныя пытанні, што ўздымае сучаснасць. Аднак спроба стварыць адкрытую на новыя веды і прыязную да кожнага атмасферу бачыцца ўзорам, што дапаможа перамагчы ксенафобію ў грамадстве.
Здымкі аўтаркі
Чытай больш: Дакрануцца да кіно: у Гродна пройдзе квір-кінафестываль “Дотык”