“Вялікі гонар” і “яе імя пачуў упершыню”. Вядомыя гарадзенцы пра Нобеля для Алексіевіч

|

align=”middle” alt=”Уладзімір Татарнікаў” width=”250″ height=”250″ >

Уладзімір Татарнікаў, пастар

 

– Я лічу, што гэта вялікі гонар для кожнага беларуса, што ўпершыню ў гісторыі лаўрэатам Нобелеўскай прэміі стала наша суайчынніца. Для Беларусі дадзеная награда – свайго роду прэстыж. Краіна павінна ганарыцца людзьмі, якія на міжнародным узроўні рэкламуюць нас. Многія мае сябры з іншых краін сталі дасылаць мне паведамленні аб тым, што беларуска атрымала Нобелеўскую прэмію. І гэта вельмі прыемна.


Андрэй Вашкевіч, гicторык

 

– Як гэта не парадаксальна, але аказалася, што многія з беларусаў не тое, што не ведаюць, хто такая Святлана Алексіевіч, але нават не чулі пра Нобелеўскую прэмію. Зараз, напэўна, цікавасць да яе асобы значна вырасце. Таму прэмія для гэтай паважанай пісьменніцы гэта магчымасць упершыню за многа гадоў сказаць, што нас, беларусаў, можа яднаць не толькі супольнае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь, але і культурныя дасягненні.


Юрый Істомін, юрыст, цяпер працуе за мяжой

 

– У апошні час у беларусаў не так шмат нагодаў ганарыцца свой краінай. Часам толькі спартыўныя каманды даюць моманты радасці і гонару. Перамога Алексіевіч у прэстыжнай прэміі гэта нешта іншае. Гэта перамога інтэлектуальная. Гэта перамога нашага мыслення, працавітасці і самаахвярнасці, Дзякуючы гэтай перамозе Святланы ва ўсім свеце будуць больш чытаць яе кнігі, а, значыць, лепш пазнаюць лад жыцця і думак звычайных беларусаў, а не тое, як нас падаюць свету палітыкі-дачаснікі.


Сяргей Марозаў, фатограф

 

– Шчыра прызнацца, яе імя я пачуў упершыню ў навінах у сувязі з уручэннем прэміі, так што хітраваць, што вырас на яе творах, не буду. Але заўсёды адчуваю асаблівы гонар, калі беларусы ў добрым сэнсе засвяціліся дзесьці ў свеце. Калі пакінуць у баку ўсе палітычныя перыпетыі, то беларусы сваімі дасягненнямі даказваюць, што нацыя нічым не горш за іншыя, і ў нас у культурным плане не толькі было вялікае мінулае, але ёсць годнае прадстаўніцтва ў сучаснасці. Чаго варты факт, што ў першыя дні пасля ўручэння Святлане прэміі ў топах запытаў гугл быў “where is Belarus”.


Дзмітрый Марозаў, прадстаўнік моладзевага руху

 

– Дадзеная перамога значыць, што ёсць стымул развівацца як творчая асоба. Я лічу, што не важна якія ў краіне эканамічныя або сацыяльныя ўмовы, усё залежыць ад жадання расці.

 

Нобелеўская прэмія, на мой погляд, паказала, што Беларусь – краіна, у якой ІЧР (Індэкс Чалавечага Развіцця) зусiм не ніжэй многіх еўрапейскіх краін. Я вяду да таго, што ад чалавека самога залежыць узровень яго дабрабыту і якасць яго жыцця.

 

Што значыць для беларускага народа Нобелеўская прэмія? Я думаю, што народ абавязаны зрабіць высновы, што жыццё ў нашай краіне не настолькі цяжкае, як пішуць і гавораць многія.


Дзмітрый Чэкан, медыйная асоба

 

– Заўсёды шкалiць пачуццё гонару, калі хтосьці з нашых суайчыннікаў ідзе наперадзе планеты ўсёй. І я жыву марамі, што наступіць той час, калі менавіта мы будзем флагманам у спорце, культуры, палітыцы, мастацтве. Паводле гэтага трэба браць у прыклад менавіта такіх нашых землякоў і ісці за імі. З задавальненнем паспрабую стаць у ліку першых паслядоўнікаў нашых пераможцаў, і бязмерна буду рады, калі ў гэтым строі я буду не адзін. Любіце Радзіму і ганарыцеся Радзімай. І не забывайце пра самаразвіццё. І хай кругагляд наш не будзе заснаваны толькі на стужцы навін сацыяльнай сеткі “Вконтакте”.

 

 

Віктар Сазонаў, праваабаронца

 

Думаю, трэба пачакаць з высновамі. Пакуль што гэта персанальная прэмія Алексіевіч. Таксама гэта прэмія сумленных, руплівых, добрых, добразычлівых і працавітых людзей усяго свету.

 

Што тычыцца беларускасці, то трэба глядзець што будзе далей. Калі Алексіевіч з высокіх пазіцый нобелеўскага прызёра запатрабуе, каб у беларускай школьнай праграме побач з яе творамі вывучалі і выкінутых адтуль герояў нашай нацыі, такіх як Ларыса Геніюш і іншых, то тады будзем лічыць, што гэтая прэмія беларусам належыць таксама. Калі Алексіевіч пачне пісаць па-нашаму, тады будзем сцвярджаць, што гэтая прэмія і беларуская.

 

Калі ж яна не будзе туліцца да нацыі беларусаў і да яе каштоўнасцей, такіх, прыкладам, як мова, як нацыянальная спадчына, як нашыя героі, то раю і нам не прымазвацца да не нашага. А проста сумленна працаваць на росквіт нашага народу. І тады ў нас рана ці позна будзе багата прэмій.

 

Што тычыцца мяне, то я вельмі хацеў бы, каб прэмія Алексіевіч ужо была нашай. Крыху яшчэ часу і мы ўсё пабачым на свае вочы. Трошачкі цярпення і мы вызначымся канчаткова. А зараз нельга спяшацца ні з негатывам, ні з эйфарыяй.

 

Першае фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY