Пяць баек дылетанта або Пра што гарадзенцы з Жыгамонтам размаўлялі

Дылетантам ён ў сваёй праграме назваўся, каб мець права казаць пра ўсё што хочацца, тлумачыць Юрый. Спецыяліст – гісторык ці этнограф – мусіць адказваць за свае словы, добра ўзважваць, прыводзіць доказы. Дылетант жа вольны агучваць свае меркаванні не баючыся страціць аўтарытэт, бо на яго і не дужа прэтэндуе.

 

На сустрэчы з гарадзенцамі Юрый таксама “па-дылетантску” вельмі шчыра падзяліўся ўспамінамі пра радзіму, мову, паганства, чалавечую дабрыню і іншыя простыя і глыбокія рэчы.

 

Каб аднавіць у памяці  прыемныя моманты сустрэчы, “Твой стыль” прыгадаў пяць баек ад Жыгамонта, так бы мовіць, беларускія “катрычніцкія тэзісы”.

 

 

Байка першая, хрысціянска-паганская

 

Усе беларусы хрысціяне, але як ёсць атэісты-праваслаўныя, так ёсць і паганцы-хрысціянскія. У нас вісяць абразы ў хаце, але абрады ўсе, што на Тройцу, што на Купалле, робяць. Расказы пра ведзьмаў, пра тое, што малако ў каровы ад кепскага вока прапала – гэта таксама было.

 

Памятаю, яшчэ малы быў, у школу не хадзіў, адзін хлопец з сякераю выдурняўся, на нагу лязом патрапіў. Кроў моцна пацякла, я напалохаўся, пачаў крычаць. А міма адна баба ішла. Прыпынілася, глянула, рукою павяла, нешта шапанула – і кроў спынілася – усё.

 

Такое лячэнне было – людзі словам маглі многае зрабіць.

 


Пабайка другая, казачная

 

Хадзілі у нас па мёртвую ваду, як хто хварэў. Ёсць такая “глупа ноч”, ведаеце? Недзе ў гадзіну пятнаццаць. Калі на імгненне спыняецца ўсё. Вецер не дуе, птушка не ляціць, вада не цячэ. Хадзілі да млына, там відаць добра, як вада спыняецца. У тое імгненне, калі стане ўсё, трэба паспець чэрпануць – гэта і ёсць мёртвая вада.


Усе пра мёртвую і жывую ваду ведаюць – з казак. А я ў той казцы рос, жыў там. Для мяне нармальна гэта.

 

У  глупу ноч нячыстая сіла вылазіць. Чаму і словы кепскія на ноч нельга казаць, асабліва ў хаце – каб не патрапіць. Бо момант такі, што можа збыцца.

 

Таму калі мне кажуць ведзьма, – я веру. Я гэта бачыў усе.

 

Тыя казкі, што з вёсак пайшлі, яны з жыцця, праўда так было, я не падманваю вас. Зараз мы гэта пазабывалі, а маглі ж людзі такое рабіць, словам адным свет змяняць.

 


Байка трэцяя, дыялектная

 

Дыялекты узбагачаюць мову, трэба тыя словы дыялектныя ўжываць. Во ў нас казалі “сутыра” – гэта той самы “яблык раздору”. Калі хто кажа нешта такое спрэчнае, то кажуць “сутыру кінуў”. Ці яшчэ – “лазня з копанкаю ці без копанкі”. Так у нас сажалку называлі, куды акунуцца пасля лазні можна, то мы і зараз так лазню з басейнам называем.

Чым больш дыялектаў, тым мова багацейшая. Беларуская мова гэта ствол, а кожны дыялект, як галінка на дрэве. То дрэва нашае мовы вельмі кучаравае, вельмі прыгожае  – адно што мы не выкарыстоўваем гэтыя словы.

 

Нічога дрэннага, калі чалавек гаворыць на дыялекце на сваім. У вас у Гродне гавораць па свойму, на Віцебшчыне таксама па-свойму, але гэта ўсё Беларусь, гэта беларускаяя мова. Пазнаеш  адразу – беларусы размаўляюць.

 

Неяк распавялі мне пра артыкул лекара-фаніятара, спецыяліста, што лечыць горла і галасавыя звязкі. Там казалася, што наш моўны апарат створаны менавіта пад мову мясцовасці, дзе чалавек нарадзіўся. Навукова абгрунтавана і даказана гэта. Таму людзі некаторыя і акцэнта пазбавіцца не могуць – моўны апарат такі. То той аўтар цікава кажа: 

 

Ад таго і хваробы горла, ангіны ды іншыя могуць узнікаць, што чалавек на сваёў мове не размаўляе.

 

Я напрыклад ніколі на ангіну не хварэю.

 


Байка чацвёртая, гастранамічная


Есці трэба тое, што расце ў мясцовасці, дзе жывеш. Мы радзіліся на гэтай зямлі, мы тут не проста так, мы для гэтага прыстасаваны. Калі чалавек забывае, хто ён, то пачынае губляць сябе,  хварэць, дэпрэсаваць. Так усё Богам створана разумна, што ісці супраць –  вар’яцтва. Трэба адчуваць, што гэта сусвет, дзе усё з усім звязана.

 


Байка пятая, моўна-беларуская


Наша беларуская мова магла быць знішчана сотні разоў. Вазьміце 1938 год – якая мова ў Гродне гучала? – польская і жыдоўская. Зараз вы пачуеце іх тут столькі?  –  ўжо не. А беларуская мова гучыць, яе зямля захоўвае.

 

Маім адчуваннем, беларуская мова з’явілася з першымі промнямі сонца, як свет з’явіўся, святло надыйшло, людзі загаварылі на гэтай мове. То пакуль сонца будзе уставаць над зямлёй, беларуская мова будзе жыць тут, бо гэта святое.

 

Наша зямля, як Караткевіч пісаў – “пад белымі крыламі”, гэта пра крылы анёла, што яе сцеражэ. На Беларусі людзі не зачарсцвелі душой, захавалі дабрыню, адгукаюцца на просьбы пра дапамогу – апошняе могуць аддаць, бамжу дапамагчы не пагрэбуюць. Гэта сведчыць, што нацыя жывая, абсалютна здаровая, моцная. 

 


Дылетанцкія высновы

 

Я, напэўна, ведаю толькі адно – што не буду жыць вечна, некалі памру. Усё астатняе, што са мной будзе адбывацца, што ў Бога ў планах –  мне невядома. За што чалавек атрымлівае шчасце альбо гора часта не зразумела – не ўсё ад нас залежыць. То варта жыць адчуваючы сябе часткаю Сусвету, гэтай зямлі. Не напіраць моцна, не дабівацца любой цаной. Жыць, каб сабе і дзецям пасля сорамна не было, шанаваць свой край, сваю Радзіму.

 

 

Хіт сезону: “Я нарадзіўся тут”. Выконвае хор Мава нанова, саліст, што “для актора драматычнага театра спявае дастаткова добра” – Юры Жыгамонт.

 

 

Знайдзі сябе на фота з Жыгамонтам!


 
 
Здымкі аўтаркі