Вячэрнія фрызуры і стрыжкі футбалістаў: гарадзенскія цырульнікі бясплатна стрыгуць дзяцей-інвалідаў

Валерыя, кіраўнік курсаў “Дрэва ведаў”, распавядае, што дапамагаць дзецям ім вельмі падабаецца.


– Дзеці нас чакаюць і гэта нас радуе. Раней мы хадзілі толькі ў дзіцячы дом на Гая, зараз сталі прыходзіць і да дзецей-інвалідаў. Пасля працы атрымліваем не толькі досвед, але таксама задавальненне. Бо ў гэтых дзецях жыве столькі радасці і цяпла, што з імі хочацца працаваць і працаваць.

 

Дзецям і сапраўды падабаецца, калі іх стрыгуць. Цырульнікам яны адкрываюцца і распавядаюць аб апошніх падзеях у сваім жыцці. Хтосьці распавядае пра выбары – за каго ён з бацькамі хадзіў галасаваць, а хтосьцi аб запланаваным выступе ў Мінску.

Будучыя майстры прыходзяць да дзяцей раз у месяц, але Валерыя кажа, што пры патрэбе яны могуць прыехаць у любы неабходны момант. Толькі галоўнае, каб паведамілі пра гэта загадзя.


– Бывае, надыходзіць якое-небудзь свята і дзецям трэба зрабіць прыгожую прычоску. Тады нам паведамляюць загадзя, мы збіраем групу і выязджаем. Практычна заўсёды ў нас новыя цырульнікі, але я магу засведчыць – усе як адзін імкнуцца, каб дзецям вельмі спадабалася. Вы толькі паглядзіце, якія яны сёння ў нас прыгожыя.

Калі дзяўчатам падабаюцца цікавыя прычоскі, то хлопцам хочацца быць падобнымі да вядомых футбалістаў. Сяргею падабаецца Леанэль Мэсі, але ў гэты раз ён будзе больш падобны да форварда мардрыдскага “Рэала” Крышцiану Ранальда.


– Мой любімы футбольны клуб “Барселона”. I я хачу быць падобным на Леанэля Мэсі. Пакуль у мяне кароткая стрыжка, але ў хуткім часе валасы падрастуць і будзе фрызура, як у аргентынца.

Усіх пастрыглі і ўсе задаволеныя. Верагодная наступная сустрэча цырульнікаў і дзяцей пройдзе ўжо перад самым Днём інвалідаў 3 снежня. Майстры сваёй справы паспрабуюць зрабіць дзяцей у гэты дзень такімі прыгожымі, каб іх нават не пазналі ўласныя бацькі.