Фотавыстава расказвае аб праектах, што рэалізуюцца пры падтрымцы Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі. Асноўныя тэматыкі праектаў – ахова навакольнага асяроддзя, энергазберажэнне, развіццё сельскіх тэрыторый, дапамога падапечным Беларускага дзіцячага хоспіса і жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту, прасоўванне еўрапейскага падыходу ў адукацыі і навуцы.
Акрамя фатаграфій на выставе можна будзе азнаёміцца з кароткім апісаннем кожнага праекта, тэрмінамі яго рэалізацыі, бюджэтам і дасягнутымі вынікамі. Фотавыстава пад адкрытым небам праходзіць пад дэвізам 2015 году – “Еўрапейскі год развіцця”. Яна ўжо адбылася ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі і Брэсце, а цяпер яе могуць убачыць і ў Гродне.
– З дадзенай выставай мы праехалі 1,5 тысячы кіламетраў, завяршаць яе прыехалі ў Гродна. Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі звычайна згадваюць у навінах знешняй палітыкі, гандлю або міжнародных адносін. Аднак не ўсе ведаюць, што кожны год пры падтрымцы ЕС у нашай краіне рэалізуюцца каля 100 праектаў у гуманітарнай сферы, на якія Еўрасаюз вылучае парадку 20 млн еўра. Мэта выставы – расказаць аб гэтых праектах і прадставіць іх арганізатараў, – расказала на адкрыцці каардынатар праектаў Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Таццяна Пранько.
Зараз ідзе рэалізацыя яшчэ 20 новых праектаў. Арганізатары запрашаюць усіх гарадзенцаў наведаць выставу, дзе можна будзе азнаёміцца таксама з тым, як можна рэалізаваць праект пры падтрымцы Еўрасаюза.
Фотавыстава будзе знаходзіцца ў Гродне да 3 лістапада.
Частку фотаздымкаў можна паглядзець наўпрост на “Тваім стылі” не выходзячы з дому.