91-гадовы спартсмен з Латвіі будзе падымаць гіры на чэмпіянаце свету ў Гродне

|

Напярэдадні спаборніцтваў, 16 кастрычніка, прайшла прэс-канферэнцыя прысвечаная спаборніцтвам. У ёй прынялі ўдзел рэкардсмены кнігі рэкордаў Гінеса на чале з Анатолем Яжовым, спартсмены, а таксама вядомы гарадзенскі гіравік, уладальнік шматлікіх рэкордаў Яўген Назарэвiч.

У ходзе гутаркі з журналістамі арганізатары паказалі фільм пра апошнія спаборніцтвы, якія праходзілі ў Расіі і Беларусі, распавялі пра рэкорды, а таксама пра тое, хто будзе ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Самаму малодшаму ўдзельніку чэмпіянату будзе менш за 10 гадоў, а самаму старэйшаму ўжо споўнілася 91 год. Спартсмен спецыяльна прыедзе ў Гродна з Латвіі.

 

У спаборніцтвах зможа прыняць удзел любы жадаючы. Усе ўдзельнікі атрымаюць як памятныя, так і прызавыя медалі. Мэта чэмпіянату – згуртаваць ўсе народы, і даказаць, што Беларусь па праве можна лічыць цэнтрам гіравога спорту.

 

У залежнасці ад узросту ўдзельнікаў будуць выкарыстоўвацца гіры вагой 2,5 і 4 кг, 6 і 8 кг, 10 і 12 кг, 14 і 16 кг, 18-20 кг, 22, 24 і 32 кг.

 

Акрамя традыцыйных штуршка і рыўка, для ўсіх удзельнікаў абавязковы жым лежачы папераменна дзвюх гір на працягу хвіліны. Гэтая намінацыя рэгіструецца ў Кнізе рэкордаў Гінэса.

 

Пляцоўкай для правядзення чэмпіянату свету па гіравым спорце і гіравым трыятлоне абраны лёгкаатлетычны манеж Цэнтральнага спартыўнага комплексу “Нёман”.

 

Таксама арганізатары адзначылі, што прадстаўнікі Беларусі за час існавання гэтага віду спорту білі ўсе рэкорды Гінэса на ўсіх кантынентах свету.

У канцы мерапрыемства арганізатары запрасілі журналістаў таксама паўдзельнічаць у спаборніцтвах. Менавіта тады ва ўсіх усплыла пытанне: “А дзе ў Гродне купіць гіру?”

 

Аказваецца, у Гродне гіры ёсць толькі ў спортаварах і ў кіёсках, якія… прымаюць другасную сыравіну.

Пачатак спаборніцтваў 17 кастрычніка ў 10.00.

 

Першае фота мае ілюстрацыйны характар