Мы працягваем знаёмства са сталіцай райскай выспы, і накіроўваемся спачатку да канцэртнай залы Аўдыторыум – сімвала вострава. Будынак узнесены ў 2003 годзе ў стылі экспрэсіянізму – мае надзвычайную ў архітэктурным плане форму. Канструкцыя ўяўляе сабой удалую гульню аб’ёмаў і крывых, прапорцый і фактур. Перад паездкай я прачытала ў сеціве пра Аўдыторыум, што гэта адзіная ў свеце вялікая арка, якую падтрымліваюць усяго дзве апоры, у той час як кончык аркі вісіць, ігнаруючы сілу цяжкасці.
Аўдыторыум размешчаны на беразе акіяна на ўездзе ў сталіцу. Каля яго знаходзіцца водны парк. Паколькі Санта-Крус не мае гарадскога пляжу, а выязджаць за 5 км далекавата, то гараджане купаюцца не ў акіянічнай вадзе, а ў спакойных штучных басэйнах. Кошты для канарцаў, як і ўсё на востраве, удвая меншыя, чым для турыстаў. Большасць канарцаў купляе гадавы абанемент.
Тут жа ля адной сцяны размешчана месца памяці загінулых жывёл. Цікава – з партрэтамі любімцаў, з хрысціянскай іконай… Сабакі тут паўнавартасныя члены грамадства.
Брытні Спірс і Мусаргскі – суседзі
Ах, якое цікавае і знакавае месца размясцілася за Аўдыторыумам на беразе акіяну! Тут сабраныя валуны з поскай паверхняй, на якіх напісаны партрэты сусветна вядомых людзей, звязаных з музыкай: ад класікаў да сучаснасці. Напісаныя ў адным стылі, раўнамерна запоўненыя, камяні гэтыя займаюць дужа вялікую плошчу. Напачатку, не асазнаўшы размаху, я пачала рабіць партрэты ўсіх музыкаў, але потым заўважыла, што ў акіян уразаецца доўгая каса, па якой мне лазаць было страшна, і я абышлася групавымі фота.
Каллас была прадстаўленая ў трох варыянтах. Мусаргскі ляжаў разам з Брытні Спірс – думаю, у іх былі самыя цікавыя размовы на пустынным вячэрнім адзінокім беразе: “А ў мой час барышні танчылі так…” – “А ў мой час на вечарынах на барышнях такія строі, што не зразумееш, сукня гэта, ці ніжняя бялізна…”
Барышнікаў, Стравінскі і Пракоф’еў не разам, але блізка адзін ад аднаго – ім таксама ёсць што абмеркаваць: узгадываюць Расію, радуюцца цёпламу акіяну і дальняму падарожжу.
У сіесту горад вымірае
Аднойчы я вырашыла падняцца на бліжэйшую да нашага дому гару, каб ахапіць горад вачыма цалкам. Ісці сабралася сюды.
Дарога мая пралягала ўздоўж прыгожага раёну з яркімі домікамі. Раён гэты распачаў сваё будаўніцтва ў 60-х гадах спантанна і нелегальна, за зямлю так ніхто і не заплаціў, таму іншыя гараджане на жыхароў гэтага раёну маюць вялікую крыўду. Дарога ўгору крутая, я ўзбіраюся ледзь-ледзь з непрывычкі. А вось гарадскія аўтобусы лавіруюць па серпанцінам лёгка, прапаноўваючы падабраць і мяне. Не-не, мне ўжо блізенька зусім – самой танней, цікавей і для ног карысней.
Нелегальна збудаваны раён
Сіеста ў Гішпаніі – гэта сапраўдныя дзве “ціхія гадзіны”, як у дзіцячых садках – горад вымірае, людзей на вуліцах няма, крамы зачыненыя. А я падымаюся па вузкіх і заблытаных вулачках, і няма нават у каго запытаць верны шлях… Але вось я на верхняй аглядальнай пляцоўцы, дзе можна пасядзець, адпачыць і нарабіць сэлфі з краявідамі. Унізе бачны Аўдыторыум, а вунь пляц Гішпаніі, куды мы яшчэ пойдзем сёння.
Від на горад згары
“Мора” ў самым цэнтры гарадской плошчы
Увечары прагуляемся па набярэжнай. Увогуле, убачыць акіян з берагу сталіцы амаль немагчыма: берагавая лінія – гэта прамысловыя зоны і порт. Цэнтральная частка зараз знаходзіцца на рэканструкцыі. Як можна зразумець з плакату, на гэтым месцы хутка з’явіцца прывабная зона адпачынку. Плот агароджанай зоны выглядае эстэтычна – з раслінамі ў кадках, стракатымі графіці і агромнымі фота з гісторыі порту. Тут жа на набярэжнай ёсць дзіцячыя пляцоўкі, пляцоўка для скейтбардыстаў, добра арганізаваная веладарожка.
Пляц Гішпаніі некалі быў проста вялікай плошчай. Але потым улады вырашылі, што калі жыхары не могуць падыйсці да акіяну, трэба каб акіян прыйшоў да людзей. І зрабілі мора на асфальце. З-за адсутнасці бардзюра складваецца імітацыя пясчанага берагу, але ва ўрбанізанавым выкананні. У абедзенны перапынак мора становіцца густнаселеным як па перыметры, так і ў цэнтры, дзе бегаюць дзеці, падлеткі і сабакі. Файна было б мець такое мора на ўсіх беларускіх цэнтральных плошчах, праўда?
Тут жа знаходзіцца густы парк і кавярня, цалкам абсаджаная раслінамі, у якіх увечары стракаталі конікі. З іншага боку кавярні кактусы быццам бы закаталі ў асфальт, на самой страве – гэта чорная вулканічная мясцовая парода. Чорны пясок, гравій ці вялікія камяні выкарыстоўваць паўсюль у ландшафтным дызайне. Ну, у каго што пад нагамі ляжыць, той тое і выкарыстоўвае. Як мы гліну.