В Гродно готовят к открытию новый ночной клуб “Африка”

Размесціцца клуб на вуліцы Курчатава, 1, па суседстве з будынкам Белкарда, і зойме вялікую прастору. Інтэр’ер плануецца выканаць у яскравых трапічных колерах. Госці змогуць замовіць кальян і паліць яго на месцы.

 

Заснавальнік “Афрыкі” Андрэй Бадак раней быў уладальнікам клуба “Тайм Аўт”. “Я ўжо не маю да яго дачынення пасля таго, як гасцініцу [“Гродна”, дзе знаходзіцца клуб] выставілі на аўкцыён”, – патлумачыў бізнесмен.

 

Паводле яго слоў, самае складанае з новай установай яшчэ наперадзе: “Зараз многае залежыць ад нашых уладаў. Усё будзе, калі яны дадуць станоўчы адказ [наконт памяшкання]”.

 

Першая публічная інфармацыя пра клуб з’явілася ў сацыяльнай сетцы Вконтакте ў групе “Моладзь культурнай сталіцы”. Каардынатар групы Дзмітрый Марозаў распавёў:

 

– Я лічу, што гораду неабходны новы начны клуб. Праведзенае ў нашай групе апытанне гэта пацвердзіла.

 

У сацсетцы ўжо з’явілася і афіцыйная група “Афрыкі”, у якой актыўна набіраюць персанал: бармэнаў, афіцыянтаў, адміністратараў, кухараў, дыджэяў, святлатэхнікаў, танцорак і іншых.

 

Клуб “Тайм Аўт” (у народзе “Парламент”) працуе ў памяшканні рэстарана гасцініцы “Гродна”. Гасцініцу, якая належыць гарадской камунальнай гаспадарцы, ужо некалькі разоў выстаўлялі на аўкцыён. На наступным аўкцыёне, які запланаваны на 26 кастрычніка, яе могуць выкупіць інвестары з Кітая. Плошчы гасцініцы і рэстарана здаюцца ў арэнду да моманту продажу.

 

Фота hottytoddy.com