Колькі паверхаў меў Стары замак? Гісторыкі і архітэктары спрачаюцца пра рэстаўрацыю гродзенскага замка
Вывучэнне Старога замка стала ў гэтым годзе заўважнай тэмай: распачаліся маштабныя даследчыя працы, якія павінны стаць першым крокам да рэстаўрацыі. Першыя вынікі даследаванняў ужо паказвалі грамадскасці, гэтым разам архітэктары расказалі ў тым ліку і пра вынікі паездкі ў Польшчу. Бачкоў і Шымбарэцкі даследавалі бадай што ўсе польскія аб’екты, звязаныя з дзейнасцю архітэктара Санці Гучы, які запраектаваў у XVI ст. перабудову гродзенскага замка для караля Стэфана Баторыя.
Алег Шымбарэцкі (на фота) прадэманстраваў праект аднаўлення брамнай вежы, а Уладзімір Бачкоў расказаў пра сваё бачанне каралеўскай алебастравай залы ў вежы.
Некаторыя іх высновы сур’ёзна раскрытыкаваў малады мінскі навуковец Мікола Волкаў. Ён параўнаў інвентары замка XVII-XVIII стст., даследаваў невядомыя раней апісанні муроў першай паловы XIX ст. і прыйшоў да высновы, што большасць запланаваных да аднаўлення пабудоваў завышаныя праектантамі мінімум на адзін паверх. Ён лічыць, што ў замку не было двухпавярховых галерэй і пабудоваў, вышэйшых за тры паверхі.
Мікола Волкаў
Прамежкавыя вынікі археалагічных раскопак, што цягнуцца ўжо амаль год, прадставілі супрацоўнікі гісторыка-археалагічнага музея Аляксандр Хацько і Ян Лялевіч. Яны расказалі пра нумізматычныя знаходкі, манеты ВКЛ, Рыгі, Валахіі і дэрпскага біскупства, знойдзеныя на замкавай гары. Сапраўднай сенсацыяй стала знаходка так званай літоўскай грыўні, здымкі якой былі прадэманстраваны публіцы ўпершыню.
З іншых выступленняў варта адзначыць расповед Леаніда Калядзінскага пра апошнія раскопкі Любчанскага замка ды эмацыйны выхад Ігара Лапехі з прапановамі па аднаўленні яўрэйскага квартала ў Гродне. Аўтар прадэманстраваў макет квартала, расказаў аб крыніцах інфармацыі для такой работы. Дарэчы, пад час канферэнцыі працавала невялікая выстава макетаў гістарычных будынкаў Гродна, зробленых ім і ягонымі вучнямі.
Рэканструкцыя замку ў Любчы
Ігар Лапеха трымае макет яўрэйскага квартала
Генадзь Семянчук расказаў аб раскопках палаца Радзівілаў на Савецкай плошчы ў 2005-2006 гг., ці не ўпершыню шырока запрэзентаваўшы вынікі тых ужо досыць даўніх прац. Андрэй Вашкевіч выступіў з шырокай прэзентацыяй, прысвечанай мастацкім вартасцям аб’ектаў на гродзенскіх могілках па вуліцы Антонава, а таксама агучыў прапановы па аднаўленні і захаванні гэтага важнага аб’екта.
Апошняя падборка дакладаў тычылася захавання і вывучэння палацава-паркавых ансамбляў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Дакладчыкі падкрэслілі найбольш балючае – па ўсёй краіне выключна хутка знікаюць рэшткі сядзіб, спілоўваюцца паркі, разбураюцца гаспадарчыя пабудовы. Такія аб’екты найчасцей не маюць ахоўнага статуса, таму ўвага міністэрства культуры да іх адсутнічае.
Трохі асобна ад іншых выступленняў знаходзіўся даклад доктара юрыдычных навук Ігара Мартыненкі, які ўзначальвае кафедру правазнаўства ў Гродзенскім універсітэце. Выступоўца доўга пералічваў артыкулы крымінальнага і адміністратыўнага кодэкса, якія чакаюць тых, хто будзе знішчаць гісторыка-культурную спадчыну, але пасля прызнаўся, што крымінальныя справы за знішчэнне або пашкоджанне помнікаў заводзяцца ў Беларусі вельмі рэдка (каля 20 выпадкаў за 25 гадоў незалежнасці) і у падаўляючай большасці не даходзяць да суда.
Матэрыялы канферэнцыі ў хуткім часе павінны быць надрукаваны ў спецыяльным зборніку.