Дадай ружовага колеру! Далучыся да сусветнай акцыі і атрымай падарунак ад “Твайго Стылю”

|

Ружовыя фарбы зараз сталі заўважнымі ў Еўропе і ЗША амаль паўсюль. Па ўсім свеце актыўна ладзяцца акцыі ў падтрымку жанчын, хворых на рак малочных залозаў. Матэрыялы пра тое, як даследваць грудзі ў хатніх умовах, распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках, універсітэтах, шпіталях. Сімвалам барацьбы з гэтай хваробай стала ружовая стужка.

 

Так, напрыклад, самыя буйныя спаборніцтвы па амерыканскім футболе ў Злучаных Штатах таксама адзначаныя ружовым колерам. Кожны гулец мае нейкую ружовую атрыбутыку.

 

Для Беларусі пытанні прафілактыкі гэтага захворвання вельмі актуальныя. Медыкі сведчаць, што колькасць выяўленых выпадкаў раку малочных залозаў расце і хвароба гэтая “маладзее”.

 

Але ці можна сказаць, што “Ружовы кастрычнік” заўважны ў Гродне?

 

Бадай, самае маштабнае дзеянне, якое аўтару давялося заўважыць у нашым горадзе, гэта улёткі ў паліклініках. З пачатку месяца ў гарадскіх і абласных аддзяленнях гінекалогіі пачалі з’яўляцца памяткі па даследванні малочных залозаў. Але, здаецца, такія ўлёткі і буклеты я бачыла на стэндах усё жыццё.

 

Перыядычна акцыі па бесплатным медыцынскім даследаванні ладзяць паліклінікі. Актыўную працу па барацьбе з анкалагічным захваорваннем вядзе Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын. У кастрычніку 2015 году ў Беларусі з’явілася грамадская ініцыятыва “Рукамі кранаць”, якая імкнецца папулярызаваць рэгулярнае даследванне як самы эфектыўны метад барацьбы з захворваннем.

Разам з тым, на прасторах байнэту часта можна сустрэць меркаванне, што казаць пра рак грудзей услых – сорамна.

 

Мы прапануем перастаць сароміцца рэальнасці. Рак малочных залозаў з’яўляецца самым распаўсюджанным анкалагічным захворваннем сярод жанчын. Кожны год 4000 жанчынам у нашай краіне ставяць такі дыягназ.

 

“Твой Стыль” прапануе гарадзенцам прыняць удзел у акцыі, прысвечанай барацьбе з гэтым захворваннем і пафарбаваць сацыяльныя сеткі ў ружовы колер.

 

Размяшчай свае фотаздымкі ці кароткія відэа ў Вконтакте, Facebook, Instagram і Twitter з тэгамі #tsbca #BCAstrenghі #tbca-hrodna і #РужовыКастрычнік ды атрымай прыз ад рэдакцыі “Твайго Стылю”.  Пераможцу мы абвесцім 1 лістапада.

 

Да акцыі далучыліся журналісты “Твайго Стылю” і іншыя неабыякавыя людзі.