Арганізатары “Бегу Незалежнасці” спачатку ўключылі Гродна ў склад Польшчы, а пасля ператварылі ў “шэрую зону”

Марафон “Бег Незалежнасці” адбываецца ў Польшчы штогод 11 лістапада. Сёлета на афішах мерапрыемства арганізатары змясцілі мапу Польшчы, у якую ўваходзілі таксама і “Усходнія Крэсы” – разам з часткай Літвы, Беларусі ды Украіны – то бок станам на 1918 год. Інцыдэнт выклікаў дыпламатычны скандал і нервовую рэакцыю ў інтэрнэце.

 

Зараз выглядае на тое, што арганізатары знайшлі кампраміс, каб задаволіць і землякоў ультраправых поглядаў, і суседзяў: украінцаў, беларусаў ды літоўцаў. Сёння на афіцыйнай старонцы марафону стаіць тая ж мапа Польшчы, але “Усходнія Крэсы” ужо не бела-чырвоныя, а шэрыя. Так, згодна новай мапе, Гродна, Брэст, Вільня ды Львоў апынуліся ў своеасаблівай  “шэрай зоне”.

 

Не засталіся ў баку ад інцыдэнту і гарадзенцы. Напрыклад, былы рэдактар “Пагоні” бізнесовец Мікола Маркевіч у сваёй ленце ў фэйсбуку так адрэагаваў на падзею:


Малюйце, панове, што хочаце, калі няма галавы. Абы толькі ў печ не ставілі. А вось Польшчу шкада… Як толькі найбольш дурныя голавы з братоў-палякаў пачыналі дзяліць Беларусь, то адразу і Польшча імкліва знікала з мапы Еўропы.”

Свой допіс спадар Маркевіч скончыў даволі эмацыйна:


“Прэч лапы ад Беларусі! Шукайце сабе ворагаў, калі ўжо так свярбіць іх знайсці – у іншым мейсцы!”

 

Больш за паўсотні каментароў артыкул аб правакацыйнай польскай мапе набраў і на гарадзенскім блогу S13. Настроі ў каментатараў аказаліся даволі рознымі: ад рэзка антыпольскіх да… галасоў падтрымкі на адрас аўтараў мапы: маўляў, “хутчэй бы ўжо” ды “не варта было і аб’ядноўваць Заходнюю Беларусь з Усходняй”.