“Яна будзе лячыць целы, а я душы”. У Гродне ўпершыню жэніцца лютэранскі пастар
Хрэсьбіны ў лютэранскай кірсе. Вядзе цэрымонію пастар Уладзімір Татарнікаў. Але хутка ў святара будзе нагода на адну службу саступіць гэта месца – зараз ён рыхтуецца аказацца з іншага боку алтара, дзе будзе стаяць у якасці жаніха разам са сваёй выбранніцай.
Вянчанне прызначана на 24 кастрычніка і пачнецца ў 16.30. Для правядзення шлюбнай цырымоніі з Масквы прыедзе архіепіскап лютэранскай царквы Дзітрых Браўн. Уладзімір адзначае, што візіт святара такога ранга вельмі пачэсны і для его асабіста, і для гарадзенскай абшчыны.
Само вянчанне ў лютэран не з’яўляецца таінствам, як у католікаў ці праваслаўных. “Мы проста збіраемся разам, каб памаліцца і папрасіць у Бога блаславення для новай сям’і”, – кажа Уладзімір. Ён тлумачыць, што ніводзін абрад, у тым ліку вянчанне, не ў стане змяніць чалавека, надаць яму новыя рысы: “Людзі не робяцца ідэальнымі проста ад таго, што павянчаліся. Мы разумеем, што ў жыцці любой маладой сям’і будуць і канфлікты, гэта нармальна. Канфлікт гэта шлях развіцця, магчымасць навучыцца саступаць і дараваць адно аднаму. Таму і просім Божай дапамогі маладым”.
Пастар Уладзімір Татарнікаў ведае, што нават самыя салодкія “мядовыя” моманты і самыя важныя царкоўныя абрады не могуць зрабіць чалавека ідэальным. На шлюб ён не просіць збавення ад выпрабаванняў, але разам з усімі вернікамі будзе звяртацца да Бога за блаславеннем, падтрымкай і дапамогай.
Па словах Уладзіміра, лютэранская царква ставіцца да вясельнага абрада проста і дэмакратычна, каб людзі, ідучы да алтара, не адчувалі сябе скавана. Да жаніцьбы пастара таксама няма “дадатковых” абмежаванняў ці патрабаванняў. Не паўплывае шлюб і на яго палажэнне ў царкве. Статус зменіцца толькі ў пашпарце.
Пра будучую жонку Уладзімір кажа, што яго “другая палавіна” самая прыгожая, самая абаяльная і самая прывабная – толькі такой можа быць дзяўчына, што заняла ганаровае месца ў сэрцы. З боку царквы да жонкі пастара ніякіх умоваў няма. Выбраніца Уладзіміра зараз мае праваслаўнае веравызнанне, але гэта не перашкаджае маладым абвянчацца ў кірсе. Хаця сталых абавязкаў для жонкі святара царква не прадугледжвае, Уладзімір упэўнены, што яна не застанецца ў баку ад жыцця абшчыны. “Яна медык, зараз інтэрн, будзе лекарам агульнай практыкі. Яе жыццёвы і прафесійны абавязак – дапамагаць людзям. Гэта будзе запатрабавана і ў царкве, прыхажане напэўна звернуцца за парадамі”. Пастар адзначае, што іх тандэм атрымліваецца вельмі сімвалічным: “Яна будзе лячыць целы, а я душы”.
Вяселле, са слоў Уладзіміра Татарнікава, будзе “як ва ўсіх, звычайнае, з сустрэчамі і выкупамі”. Строі таксама будуць такімі, як звычайна бачаць у нашай мясцовасці: маладая ў белай сукенцы, малады ў гарнітуры максімальна набліжаным да класікі.
Незвычайным ён называе тое, што ні сам, ні яго будучая жонка не з’яўляюцца ўраджэнцамі ці сталымі жыхарамі горада: “Я прыехаў з Віцебска, а яна з Брэсцкай вобласці”. Аднак лютэранскі храм ёсць толькі ў Гродне, таму радню і сяброў з абодвух бакоў маладыя запрашаюць сюды. Госці прыедуць не толькі з Беларусі. Іх чакаюць з Іркуцка, Камчаткі, Ізраіля. “Трэба ўсіх размясціць, усё прадугледзець, і калі няма мясцовых сваякоў, гэта складана”, – кажа Уладзімір. Але сябры, што з’явіліся ў “маладога” пастара за пяць гадоў службы, дапамагаюць – хто транспартам, хто аксесуарамі для ўпрыгожвання залы, хто яшчэ чым. “Гэта як добрая адзнака маёй працы. Вельмі прыемна, што людзі гатовы падтрымаць”.
Гісторыя і сучаснасць лютэранскай абшчыны багатая на падзеі, таму не толькі лютэране ў Гродне ведаюць пастара Уладзіміра Татарнікава. Плён яго працы – рэстаўрацыя храма, новы арган, дабрачынныя канцэрты – вядомы многім гараджанам. Але ў гісторыі гарадзенскай кірхі ён застанецца яшчэ і першым пастарам, што браў тут шлюб.
Наконт “паслявясельных” планаў Уладзімір кажа, што жыццё і праца будуць ісці сваім шэрагам. Жонка пакуль паедзе ў Брэстскую вобрасць, працягваць інтэрнатуру, сам ён зоймецца царкоўнымі і арганізацыйнымі справамі, бо ўжо на лістапад у кірсе запланаваны новыя канцэрты камернай і арганнай музыкі.
Надалей, “калі Гасподзь не прызаве служыць у іншым месцы”, сям’я мае намер застацца жыць у Гродне.
Фота аўтаркі