У Гродна прыехаў Экспрэс ААН, але галоўную зорку гарадзенцы не ўбачаць

|

Адзін з гарадзенцаў, што чакалі на пероне, нават набыў для знакамітай спартсменкі букет кветак. Таксама нехта з натоўпу хацеў падарыць ёй паштоўкі.


– Я даведаўся, што Дар’я Домрачава будзе ехаць на цягніку і спецыяльна прыйшоў у такi позні час на вакзал, купіў кветкі. Не паспеў цягнік прыехаць, як пайшлі чуткі, што Домрачавай не будзе. Ну так жа не робіцца. Куды цяпер кветкі падзець? – расказаў Юрый, прыхільнік вядомай біятланісткі. Яму крыўдна, бо за Дар’ю ён балее з таго часу, калі яна яшчэ не была ўсім вядомай. Ды і букет атрымаўся не такі ўжо і танны – 170 тыс. рублёў. “Напэўна, падару іншым жанчынам, а можа і сваёй жонцы”, – сказаў Юрый.

 

Па словах аднаго з супрацоўнікаў Гродзенскага аблвыканкама, Домрачава не прыехала па стане здароўя.

 

Поезд “Экспрэс ААН-70: на шляху да партнёрства для развіцця” адправіўся з мінскага чыгуначнага вакзала 23 кастрычніка ў 17.00. Цягам тыднёвай паездкі па Беларусі ён наведае ўсе абласныя цэнтры краіны. У кожным горадзе пасажыры цягніка пасадзяць Дрэва міру, будуць праходзіць і іншыя падзеі (глядзі праграму тут). Старт цягніка прымеркаваны да Дня Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які адзначаецца 24 кастрычніка. Менавітаў гэты дзень 70 год таму у Сан-Францыска быў прыняты Статут ААН. Пад дакументам стаіць подпіс і прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі.

 

Фота аўтара і Яна Лялевіча