На Савецкай ламалі цыгарэты і раздавалі яблыкі: свята спорту i здароўя прайшло ў Гродне

|

Арганізатарам свята стала кампанія МТС, якая да 70-годдзя ААН выступіла афіцыйным партнёрам праекта “Экспрэс ААН” і прадаставіла яго арганізатарам бясплатную безлімітную сувязь, уключаючы інтэрнэт, па ўсёй Беларусі.

 

З самага ранку ў Моладзевым цэнтры на Савецкай прайшоў адкрыты майстар-клас, прысвечаны здароваму ладу жыцця. Аўтар і вядучы – урач, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Белавешкiн – распавёў гарадзенцам аб правільным харчаванні, добрых трэніроўках і іншых спосабах умацавання здароўя.

Акрамя майстар-класа, у моладзевым цэнтры прайшоў шэраг выстаў, прысвечаных здароваму харчаванню і розным праектам, якія паляпшаюць жыццё гараджан.

На вуліцы ўсе жадаючыя маглi прыняць удзел у прафесійнай трэніроўкі па фітнесу, папіць гарачага чаю, спраўдзіць свой ціск і праверыцца на ВІЧ у валанцёраў Чырвонага крыжа.

 

Самай цікавай акцыяй у гэты дзень стаў абмен цыгарэт на яблыкі. Гарадзенцы актыўна ламалі цыгарэты і з радасцю мянялі іх на садавіну.

– Добра, што ў нас ёсць такія акцыі. Палю даўно, а вось кінуць усё ніяк не магу. Будзе больш такіх акцый, будзе менш тых, хто паліць. Свята атрымалася. Мы з калегам, яшчэ на ВІЧ праверылiся, чаю папілі і пойдзем пазаймаемся спортам, – расказаў Сяргей, адзін з мінакоў, які, праходзячы побач, далучыўся да акцыі.