Тыповая Гародня. Сталінкі, іх адметныя франтоны і натхненне тызенгаўзаўскімі дамкамі

|

Чытайце таксама:


Тыповая Гародня. Перадгісторыя


Тыповая Гародня: “сталінкі” ў горадзе або пачатак тыповага будаўніцтва

 

 

Танны спосаб зрабіць прыгожа або пачатак “франтоннай хваробы”

 

Франтоны, гэткія трохкутнічкі, якія ўзвышаліся над асноўным аб’ёмам пабудовы, часта з’яўляюцца ці не асноўнай адметнасцю архітэктуры “сталінскага ампіру”. Іх перанялі ад класіцызму канца XVIII – пач. ХІХ ст., які ў сваю чаргу зачарпнуў яшчэ з антычнага дойлідства.

 

Часцей у цэнтры свеціцца лякарна – невялічкае круглае акенца. У параўнанні з ляпным дэкорам і эркерамі, франтоны не істотна павялічалі кошты будаўніцтва. Таму архітэктары 1950-х ахвотна выкарыстоўвалі гэты элемент, каб іхны праект мог выйгрышна адрознівацца на фоне больш прымітыўных.

 

Трэба адзначыць, што такі прыём бяруць на ўзбраенне і сучасныя архітэктары пры рэканструкцыі хрушчовак, напрыклад на вуліцы Горкага. А часта без ніякай патрэбы франтоны ўстаўляюцца ў будынкі, якія ніколі не мелі ды і не маглі іх мець, напрыклад казармы ХІХ ст. на вуліцы Маставой.

 

І ўсё ж “франтонная” хвароба запачаткавалася ад архітэктараў савецкай эпохі. Трохкутнікі ўзводзіліся на старажытныя будынкі, напрыклад палац Масальскіх на Замкавай. Ды што тут ужо – Сеймавы палац (Новы Замак) набыў гігантычны портык з выявай тагачаснага дзяржаўнага герба.

 

Адным словам, франтоны былі модным павевам тагачаснай архітэктуры. Засяродзімся шчыльней на гэтым адметным элеменце сталінскай эпохі.

 

Натхненне бралі з тызенгаўзаўскіх дамкоў?

 

Найменшыя выяўленыя дамкі з франтонамі – дзве камянічкі на завулку Калектыўным 28 і 34. На жаль, яшчэ адзін суседні дом пад нумарам 32 быў знявечаны разбудовай. Паводле падобнага, на жаль, нам нязнанага праекта быў пабудаваны дом на вуліцы Белуша, 4. Гэта ўжо зблочаны ў пяць пад’ездаў будынак, з крыху іншай канфігурацыяй франтонікаў. Сваімі закругленымі лініямі іх можна аднесці хутчэй нават да барока – яны нагадваюць фасады дамкоў тызенгаўзаўскіх рамеснікаў на Ажэшкі.

Хто ведае, мажліва мясцовыя архітэктары зачарпнулі гэтыя формы з хатак XVIII ст. і такім чынам падалі адмыслова гарадзенскія паралелі архітэктуры Рэчы Паспалітай і БССР. Згадзіцеся, нават аб’ёмамі аднапавярховыя сталінкі амаль ідэнтычныя домікам рамеснікаў!

 

Невялікі і ў нечым падобны франтончык ёсць яшчэ на адным будынку поруч – двухпавярховая камяніца на Белуша, 8.

 

Яшчэ адзін просты прыём – паўцыркульныя вокны

 

Яшчэ адным архітэктурным прыёмам, якія павялічваў эстэтычнасьць фасадаў, былі паўцыркульныя вокны. У Гродне такі элемент сустракаецца на двух- і трохпавярховых дамах.

 

Двухпавярховыя прадстаўленыя трыма серыйнымі праектамі, распрацаванымі інстытутам “Гипроавиапром”. Васьмікватэрныя дамы сэрыі 204-112 знаходзяцца на вул. Парыжскай Камуны, 18 і Суворава, 218. Апошні, праўда, збудаваны ў моцна спрошчаным праекце.

 

Праект 12-кватэрнага дома серыі 204-113 быў рэалізаваны ў нашым горадзе непасрэдна на тэрыторыі вайсковага мястэчка Фолюш цэлым комплексам з шасці будынкаў: 15/1, 15/2, 15/34, 15/35, 15/36, 15/37.

 

Інтэрнаты на 25 пакояў серыі 204-114 былі збудаваныя на вул. Суворава, 222 і на вул. 17 верасня, 49. Апошні страціў сваё першапачатковае аблічча пасля істотнай рэканструкцыі.

 

Трохпавярховы прадстаўлены гіпрагораўскім праектам 201-6. Прыгожы 27-кватэрны будынак на вул. Вялікай Траецкай, 40 адметны выкарыстаннем у дэкоры руста – ляпной імітацыі каменнай кладкі, а таксама трыма тыпамі аконных праёмаў.

 

Сталінкі з крамамі на першым паверсе

 

Трохпавярховыя камяніцы наогул з’яўляцца найбольш велічнымі прадстаўнікамі сталінак з франтонамі ў Гродне. Як правіла, гэта дамы з памяшканнямі пабытова-абслугоўваючага прызначэння на першым паверсе. Добрым прыкладам з’яўляецца будынак на вул. Чырвонаармейскай, 69, збудаваны паводле нявыяўленага праекта, з’яўляецца аднак адзіным такім у горадзе.

 

Часцей сталінкі з крамамі ўнізе будаваліся пры важных гарадскіх магістралях і мелі вуглавую форму. Напэўна самым адметным жылым будынкам той эпохі ў Гродне з’яўляецца дом на праспекце Касманаўтаў, 29. Дзякуючы вежачцы, якая выконвала хіба пажарныя функцыі, камяніца набыла дастаткова манументальныя абрысы і якасна выдзяляецца на фоне ўсяго прасцягу вуліцы.

 

Ідэнтычны, праўда ўжо без вежы, будынак знаходзіцца праз дарогу пад адрасам Касманаўтаў, 4a.

 

Падобныя, толькі з іншым відам франтона і без паўцыркульных вокнаў, дамы стаяць на Гарнавых, 3 і Сацыялістычнай 49 і 51a.

 

Наогул, на рагу вуліц Сацыялістычнай і Свярдлова быў узведзены цэлы комплекс з чатырох вуглавых дамоў з крамамі. Яшчэ два дамы, хоць ужо і без франтонаў, стаяць пад адрасам Свярдлова 17 і 19.

 

А яшчэ бываюць балконныя пляцоўкі

 

У канцы звернем увагу на два будынкі, якія апрача франтонаў маюць у сваім фасадзе ўцеленыя балконныя пляцоўкі на слупавой канструкцыі.

 

12-кватэрны жылы дом на вул. Леніна, 24 з’явіўся ўвасабленнем серыйнага праекта 207-3, распрацаванага інстытутам “Мосуглепроект”.

 

А вось цяперашні будынак банка БелВЭБ на Вялікай Траецкай, 51, з’яўляецца пашыраным навабудам узведзенага яшчэ ў 1952 годзе будынка студэнцкага інтэрната.