У Польшчы здымаюць фільм пра абаронцу Гродна, які стаў адным з першых партызанаў Другой сусветнай
Вобраз легендарнага маёра ўвасобіць на экране польскі акцёр Павел Дэлонг. Рэжысёрам праекта “Хубаль”, а менавіта такая мянушка была ў афіцэра, стаў малады аператар Гжэгаж Багачэвiч, аўтарам сцэнара – гісторык і пісьменнік Яцэк Камуда. Фільм, запланаваны на 8-10 хвілін, раскажа пра адзінкавы эпізод бою ў 1939 годзе.
Аматары гістарычнай рэканструкцыі здымаюцца ў фільме цалкам бясплатна: толькі за ежу і начлег для сябе і авёс ды ваду для коней. Ужо гатовы трэйлер стужкі.
Здымкі матэрыялаў, з якіх змантаваны трэйлер, праходзілі 11-18 жніўня ў Падкарпацкім ваяводстве Польшчы. Кавалерысты збяруцца яшчэ раз 7-9 лістапада, каб зняць баявыя сцэны з удзелам “немцаў” і тэхнікі.
Арганізатары разлічылі, што ў ідэальным варыянце ім трэба для здымак 29 000 злотых. Аднак такіх сродкаў не сабралі, таму гатовыя ўсё рабіць бясплатна, каб толькі фільм атрымаўся. Дарэчы, пра маёра Хубала ўжо некалі, у 1973 годзе, здымалі паўнаварстаны мастацкі фільм.
Акцёр Павел Дэлонг
Хто такі маёр Хубал?
У верасні 1939 года пасля пачатку Другой сусветнай вайны маёр Дабжаньскi змагаўся з нямецкімі і савецкімі войскамі – у прыватнасці, абараняў Гродна. Пасля здачы горада 23 верасня абаронцы сышлі ў нейтральную Літву і былі інтэрнаваныя. Толькі адзін 110-ы ўланскі полк адмовіўся выканаць загад і рушыў на дапамогу абложанай Варшаве.
На шляху полк акружылі савецкія войскі, ён прарваўся цаной вялікіх страт. Палкоўнік Ежы Дамброўскі неўзабаве распусціў атрад, але каля 180 байцоў на чале з Дабжаньскiм працягнулі шлях. Да Варшавы дайсці не паспелі – сталіца капітулявала 27 верасня. Дабжаньскi, а з ім каля 50 чалавек, рушыў на поўдзень, каб прабрацца ў Францыю. 1 кастрычніка яны пераправіліся праз Віслу і ў той жа дзень зноў уступілі ў бой з немцамі, пасля чаго вырашылі застацца ў Свентакшыскiх гарах і чакаць наступлення саюзнікаў. Дабжаньскi спадзяваўся, што яно пачнецца вясной 1940 года.
5 кастрычніка польская армія была канчаткова разбіта, і Дабжаньскi стаў у поўным сэнсе слова партызанам. Ён арганізаваў “Асобы атрад Войска польскага” і прыняў над ім камандаванне пад псеўданімам “Хубаль” (па мянушцы той часткі роду Дабжаньскіх, да якой належаў Генрык). У пачатку лістапада атрад атрымаў першую перамогу над немцамі пад Цысоўнiкам. Мясцовыя жыхары дапамагалі партызанам сыходзіць з нямецкіх пастак, у адказ немцы разгарнулі рэпрэсіі супраць грамадзянскага насельніцтва. У сувязі з гэтым кіраўніцтва падполля (генерал Стэфан “Грабіца” Равецкi) загадаў Дабжаньскаму распусціць атрад і перайсці на канспіратыўнае становішча, але той адмовіўся.
Працягваючы змагацца, Дабжаньскi наносіў значныя страты немцам. У сакавіку 1940 разбіў пяхотны батальён вермахта пад Хуцiскамi, праз некалькі дзён моцна пашкодзіў іншую нямецкую частку пад Шаласамi. Каб знішчыць атрад “шалёнага маёра” немцы сфармавалі адмысловую антыпартызанскую групу з SS, пяхотных і танкавых частак. У аперацыі супраць партызан, якіх было не больш за 300, немцы задзейнічалі 8000 салдат. 30 красавіка 1940 года атрад Дабжаньскага быў акружаны (мяркуюць, што ў выніку здрады) і пасля цяжкай бітвы разбіты, а майор загінуў са зброяй у руках. Немцы паздзекаваліся з яго цела і выставілі на публічны агляд, пасля чаго, па некаторых звестках, спалілі. Дагэтуль невядома, дзе ён пахаваны. Рэшткі атрада Дабжаньскага змагаліся да 25 чэрвеня, пасля чаго былі распушчаны.
У 1966 годзе Дабжаньскаму пасмяротна прысвоена званне палкоўніка з паўторным узнагароджаннем ордэнам “Virtuti Militari” (на гэты раз залатым крыжом).