“Беларускія гульні не ўнікальныя, але па-свойму адметныя”. Другі фестываль “Игрокуб” прайшоў у Гродне

Фестываль вырас у некалькі разоў

 

У агульным доступе было некалькі дзясяткаў гульняў. На першым паверсе размясціліся гульні для дарослых і прэзентацыі навінак. На другім – гульні для дзетак і эка-куток ад “Дзіцячай эка-студыі” і крамы “Буратино”. Таксама за грошы можна было пагуляць у аўтаматы, якія і так кожны дзень стаяць у забаўляльным цэнтры.

 

– Гэтым разам мы павялічылі базу гульняў у чатыры разы, а колькасць месцаў у тры разы, – кажа Яўген Булыжкін, прадстаўнік фірмы “Играриум” і суарганізатар фестываля з Мінску. – Тут шырока прадстаўлены гульні для дзяцей і ролевы напрамак настольных гульняў. Людзям падабаецца, і мы лічым, што ўсё атрымалася.

 

Па падліках арганізатараў, на другі фестываль прыйшло ў два разы больш людзей, чым год таму. А можа быць, і яшчэ больш, бо цяжка падлічыць людзей, якія пастаянна перамяшчаюцца.

 

– Руху настольных гульняў у Беларусі каля дзесяці гадоў. Напрыклад, у Мінску фестывалі праводзяцца ўжо даўно, – кажа Аляксей Пахомаў, прадстаўнік маскоўскага выдавецтва “Сквирл”. У Маскве хутка пройзе маштабны фестываль “Игрокон” – па словах Аляксея, ён большы перадусім за кошт таго, ў Расіі больш людзей.

 

Стваральнікі “Паўстанцаў” прэзентавалі “Гаспадара цмокаў”

 

У першы дзень прэзентавалі чатыры навінкі: “Зло в осаде”, “Земля без имени”, “Сapoeira” і “Мракобесие”. У другі дзень да іх дадалася гульня “Гаспадар цмокаў”, аўтары якой – арганізатары фестывалю і стваральнікі знакамітых “Паўстанцаў”.

 

– Гэта дзіцячая гульня на ўвагу і хуткасць, – расказвае адзін з аўтараў Антон Янкоўскі. – Першымі людзі прыручылі не ката, не сабаку, а цмокаў. І цмокі ахоўвалі гаспадароў і прыносілі здабычу. Самым крутым лічыўся той, хто меў пяць цмокаў. Іх і трэба прыручыць.

 

Гульня “Мракоборцы” Іллі Бутава падобна да “Magic the Gathering” і “Берсерк”. Унікальнасць у тым, што яе персанажы – героі славянскага фальклору. Сам Ілля – уфолаг, ездзіць у экспедыцыі па Беларусі і вывучае тэму міфаў і прывідаў. Ён выдаў кнігу, сюжэт якой пераплятаецца з гульнёй.

 

“Сapoeira” сумесна з сябрам распрацаваў актор Гарадзенскага тэатру лялек Валеры Карышаў. Аказалася, ён даўно займаецца капаэйрай і вырашыў стварыць настольную гульню, якая паказвае прынцыпы гэтага баявога мастацтва. Навінка спадабаецца як тым, хто ведае, што такое капаэйра, так і навічкам.

 

Цалкам унікальных гульняў у Беларусі няма, але ёсць свой адметны накірунак

 

Механікі з розных гульняў могуць быць сабраны ў адной, але калі сама гульня не ўнікальная, то яе проста няма сэнсу прэзентаваць на фестывалі, тлумачаць адмыслоўцы. На іх думку, усе гульні, прэзентаваныя ў Гродне, цалкам самадастатковыя.

 

Напрыклад, “Сapoeira” – камбінацыя настольнай гульні і рэальнага жыцця, – кажа Яўген Булыжкін. Ён кажа, што гульні развіваюцца паўсюль і яны падобныя адна да адной. У Беларусі няма цалкам унікальных гульняў, але ёсць адметны напрамак – група, якая распрацоўвае беларускамоўныя гульні, гульні на складанне беларускамоўных словаў і вывучэнне правіл беларускай мовы.

 

Акрамя настолак – мімы і аніматары

 

У фае наведвальнікаў сустракалі мімы з тэатру пластыкі “Амальгама” і каманда аніматараў “Маскарад”. З апошнімі пасля можна было пагуляць ў новую варыяцыю на мафію “Кровавая месть”. Асабліва мімы спадабаліся дзецям, ды і ў дарослых выклікалі ўсмешку. 

 

І дзеткі, і дарослыя маглі прыняць удзел у настольным квэсце – пагуляць у 10 гульняў, запоўніць бланк і паўдзельнічаць у розыгрышы прызоў. А ў другі дзень пазмагацца за прызы можна было ў камандных турнірах. Прызы – настольныя гульні і абанементы на розныя паслугі ад “Галактыкі”.

 

Гэтым разам на “Игрокубе” можна было замовіць паўнавартасныя абеды, а таксама перакусіць булачкамі з кавай ці гарбатай. Таксама можна было наведаць тэматычную фотавыставу “Гульня”.

 

Топ-гульняў на “Игрокубе” ад Антона Янкоўскага

 

Эксперт у сферы настолак Антон Янкоўскі, уладальнік крамы-клуба “Кубік”, дапамог нам скласці спіс самых-самых гульняў, у якія можна было пагуляць ці набыць у час фестывалю.

 

Самая простая – вежа “Дженга”. Сэнс гульні – выцягваць блокі з асновы вежы і складваць іх наверх. Гуляць можна неабмежаванай колькасцю гульцоў.

 

Самая складаная і доўгая – “Игра престолов” і “Древний ужас”. Гульні разлічаны на шэсць і восем чалавек, маюць досыць аб’ёмістыя правілы, бэкграўнд- серыял і кнігу.

 

Самая дарагая – ізноў “Игра престолов”(1 050 000) і “Древний ужас” (1 050 000).

 

Самая танная – гульня для дзяцей “Мемо” (40 000) і асобныя галаваломкі (50 000).

 

Самая папулярная – “Черепашьи бега”, “Свинтус” і “Банда умников” – гульні з простымі правіламі для дзяцей і дарослых. “Банда умников” – развіваючая гульня для дзяцей, якая дапаможа вывучаць розныя навукі.

 

Самая новая – “Гаспадар цмокаў”, якая афіцыйна яшчэ не выйшла.

 

Самая аб’ёмістая – “Древний ужас” і “Ticket to ride”. Гульні патрабуюць шмат месца за кошт вялікага гульнявога поля.

 

Самая лёгкая – “Стульчики” – гульня на раўнавагу. Сэнс гульні – ставіць мініяцюрныя крэслы адно на адно так, каб яны не падалі.

 

Самая рамантычная – гульня для дваіх “Для тебя”. У  гульні ёсць заданні для жанчыны і мужчыны, якія зробяць іх жыццё больш рамантычным.

 

Самая подлая – “Манчкин”. Мэта гульні – выйграць самаму і нагадзіць канкурэнту.

 

Самая страшная – “Кровавая мафия” і “Древний ужас”. Гульні разлічаны на чалавека з моцнай псіхікай.

 

 


 

Фота Ірыны Новік