“Нёман” выйшаў пераможцам у Заходнім дэрбі

|

Яшчэ да матчу з “Дынама” было ясна, што гарадзенцы забяспечылі сабе месца ў Вышэйшай лізе. І гулялі жоўта-зялёныя супраць брэсцкай каманды ў спакойны футбол, які цешыў заўзятараў. Дарэчы, у гэты вечар працоўнага дня толькі адданыя аматары гарадзенскага футбола прыйшлі паглядзець на гульню мясцовай каманды.

 

“Нёман” актыўна пачаў гульню і ўжо на 11 хвіліне мог выйсці наперад. Але пасля прастрэла Пазняка, Савіцкаму не хапіла няшмат каб трапіць у вароты суперніка. Праз 7 хвілін Павел ўсё ж дамагаецца свайго і адкрывае лік у матчы. Нападаючы выйшаў адзін на адзін з галкіперам гасцей і удала яго перайграў.

Гол у вароты “Дынама” дадаў сіл гарадзенцам. Момант за момантам узнікалі каля брамы гасцей, але падвоіць перавагу гаспадарам удалося толькі ў канцоўцы першага тайма. На 38-й хвіліне, пасля падачы з флангу першым на мячы апынуўся Канцавы, які без праблем галавой адправіў мяч у сетку варот каманды з Брэста.

У другім тайме гаспадары збавілі абароты і гулялі на ўтрыманне лiку, за што паплаціліся на 71-й хвіліне. Шчэрба з дапамогай рыкашэту паменшыў адрыў ад гарадзенцаў. Госці мелі яшчэ некалькі момантаў, каб зраўняць лік у матчы. Але ў гэтым дэрбі было наканавана перамагчы менавіта “Нёману”. Гарадзенцы ўпэўнена дайгралi канцоўку матча і зарабілі доўгачаканыя хатнія 3 ачкі.

“Нёман” – “Дынама” Брэст 2:1

 

1: 0 – Савіцкі Павел (18′)
2: 0 – Канцавы Арцём (38′)
2: 1 – Шчэрба Уладзімір (71′)

 

 

Пасля матчу Сяргей Саладоўнікаў падзякаваў камандзе за добры матч і сказаў, што для “Нёмана” задача мінімуму выканана.


– Паўтара таймы гулялі ў вельмі добрым тэмпе. Такое адчуванне, што задачы мінімум выкананы ў каманд, і было разняволенне. Добрая гульня ў атацы. Адзінае пытанне было, хто заб’е – мы трэці ці “Дынама” першы. Калі б мы забілі трэці – была б спакайная канцоўка. Забі Брэст раней – было б яшчэ цяжэй. У цэлым гульня заўзятарам павінна была спадабацца. Мы захавалі прапіску ў Вышэйшай лізе. Для мяне, што 5-е, што 6-е, што 10-е ў прынцыпе аднолькава. Для нас галоўная задача, акрамя стварэння калектыву, – выйграваць кожны матч.

 

У чэмпіянаце засталося гуляць два туры, за гэтыя матчы каманда Сяргея Саладоўнікава можа як падняцца ў турнірнай табліцы, так і апусціцца.

Матчы, якія засталіся:

 

31.10.2015 “Слуцк” – “Нёман”
08.11.2015 “Нёман” – “Славія”