Праваабаронцы: Для ўсіх будзе лепш, калі правы ЛГБТ-супольнасці перастануць парушаць
Аб тым, што адбываецца ў галіне правоў ЛГБТ-супольнасці распавяла праваабаронца Наталля Манькоўская, каардынатарка праграмы абароны і прасоўвання правоў чалавека Беларускага праваабарончага цэнтра “Ідэнтычнасць”.
Гарадзенцы пабачылі “Інтэрсэкс”: квір-кінафестываль “Дотык” прайшоў у Гродне
– Справа ў тым, што ў адрозненні ад даследчыкаў у галіне “квір”, праваабаронцы разглядаюць ЛГБТ-супольнасць у галіне правоў чалавека, – адразу пачала Наталля.
– Але што гэта значыць? І што такое “квір”?
– Гэты тэрмін пайшоў з англійскай мовы і азначае даслоўна – іншы, дзіўны. Ён выкарыстоўваецца для абазначэння тых, хто не адпавядае традыцыйнай мадэлі паводзін і ідэнтычнасці. Спачатку слова “квір” было жаргоннай назвай геяў. Але потым даследчыкі пачалі выкарыстоўваць яго ў сваіх навуковых працах. Ён стаў такім парасонавым тэрмінам, які стаў абазначаць ЛГБТ і людзей, якія выпадалі за рамкі традыцыйных ідэнтычнасцей.
Выстава “Нашы родныя” пазнаёміла гарадзенцаў з бацькамі ЛГБТ-дзяцей
– Напрыклад?
– Напрыклад, людзі, якія маюць рамантычныя адносіны адначасова с некалькімі партнёрамі ці не маюць наўмысна ніякіх адносін. Усё тое, што адрозніваецца ад прынятай мадэлі паводзін можа называцца квір. Гэта пра адмову ад ідэнтычнасці і гетэранарматыўнасці і пра тое, што свет мае шмат праяўленняў.
Гетэранарматыўнасць – светапогляд, пры якім гетэрасексуальнасць разумеецца як сацыяльная норма сексуальных паводзін чалавека.
У матэрыяле выкарыстаны фота з queer-кінафестывалю Dotyk, які праходзіў у Гродне 9-11 кастрычніка 2015 г. Фотаздымкі Вольгі Мілавай
Са ста заявак – толькі адно дазволенае мерапрыемства
Праваабаронцы зыходзяць з таго, што парушаюцца правы не толькі нейкай групы людзей, але парушаюцца агульныя правы ўсіх.
– Напрыклад, свабода сходаў. Гэтая катэгорыя ў нас парушаецца паўсюдна. За апошнія гадоў пяць было дазволена толькі адно мерапрыемства на тэматыку ЛГБТ. І тое – узімку. Тады стаяў 20-градусны мароз. Канешне, акцыя была не вельмі шматлюднай. Больш дазволаў не было. А пададзена было боль за 100 заявак! – кажа Наталля.
Зарэгістраваць грамадскую арганізацыю ў нашай краіне вельмі цяжка. Тым больш, калі гэтая арганізацыя будзе мець нейкія адносіны да ЛГБТ-супольнасці. Гэта адбываецца ў агульнай плыні таго, што ў Беларусі наогул кепска рэгіструюцца новыя арганізацыі.
Эксперымент: гарадзенцы распавядаюць пра стаўленне да гетэрасэксуалаў
Звольнілі з войска за сэксуальную арыентацыю – звяртайся ў суд
– Людзі, які адносяцца да ЛГБТ, вельмі часта дыскрымінуюцца. Прынамсі ў краінах былога СССР.
– Такая праблема ёсць. Еўропа прайшла вельмі доўгі шлях да адмены крыміналізацыі аднаполых шлюбаў. Першы судовы працэс супраць краіны, дзе адбывалася дыскрымінацыя, а гэта была Вялікабрытанія, адбыўся ажно ў 1956 годзе. Аднак увесь гэты час людзі, якія намагаліся, каб аднаполыя стасункі былі прызнаныя ў грамадстве і дэкрыміналізаваныя, скардзіліся і скардзіліся. Вельмі часта ў Еўрапейскім судзе іх скаргі адхілялі.
– А што далей?
– Механізм такі – калі падаецца позва супраць краіны, Еўрапейскі суд разглядае справу і выносіць рашэнне. Калі яно станоўчае для заяўніка, то краіна павінна прыняць нейкія меры, каб ліквідаваць несправядлівасць. Але гэта мае добраахвотны характар.
– З якімі скаргамі звярталіся людзі у Еўрапейскі суд?
– Падаткавыя ільготы для тых, хто жыве ў аднаполым саюзе. Каб яны былі такія ж, як і ў рознаполых параў. Гадаванне дзяцей, усынаўленне або ўдачарэнне, прызнанне сужыцця двух аднаполых людзей сям’ёй, адмена ўзросту згоды. Напрыклад, быў выпадак, калі мужчыну звольнілі з войска за яго сэксуальную арыентацыю. Ён падаў у суд. Краіна павінна была аднавіць яго на службе і зрабіць усё, каб такое больш не паўтаралася.
– Ці можа беларус звярнуцца ў Еўрапейскі суд?
– Не. Наша краіна не падпісала канвенцыю. Але мы падпісалі міжнародны пакт у рамках ААН. Вось у гэтую міжнародную арганізацыю, у прынцыпе, можна звяртацца.
Пацярпелыя становяцца дыскрымінаванымі двойчы
У Беларусі амаль не ўзбуджаюцца крымінальныя справы па фактах збіцця прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. Часта пацярпелыя становяцца дыскрымінаванымі двойчы – прадстаўнікі міліцыі абражаюць маладых людзей-геяў і не прымаюць іх заявы. Калі ж крымінальная справа будзе ўзбуджана, то хутчэй за ўсё яна не будзе даведзена да суда.
У апошні час можна казаць толькі пра адну такую справу – першую, якая атрымала ў краіне розгалас. Міхаіла Пішчэўскага практычна да смерці збілі на выхадзе з мінскага клуба, дзе праходзіла гей-вечарына. Нападнік не ведаў хлопца. Па словах сведак, ён збіў яго толькі таму, што Міхаіл быў іншай сэксуальнай арыентацыяй. Хлопец месяц праляжаў у коме ў шпіталі, потым быў прыкуты да ложка дома, нядаўна памёр. Тыя, хто нападаў на хлопца, ужо на свабодзе. З 2 гадоў і 8 месяцаў нападнік адсядзеў трохі больш за год і выйшаў па амністыі.
Фактычна жанчына, па пашпарте – яшчэ мужчына
Вельмі падобная сітуацыя складаецца з трансгендарамі. Гэта тыя людзі, якія змянілі пол. Хаця ў плане заканадаўства ўсе дастаткова добра. Спачатку гэтым людзям мяняюць пашпарт і толькі праз год яны прыступаюць да хірургічнай змены пола. Аднак тут ёсць свае асаблівасці. Напрыклад, калі мяняюць пашпарт, то ідэнтыфікацыйны нумар застаецца тым самым. А ў ім зашыфраваны пол чалавека. І гэтыя людзі часта сутыкаюцца з непаразуменнем і дыскрымінацыяй. Напрыклад, чалавек прыходзіць уладкоўвацца на працу, а ў аддзеле кадраў патрабуюць пашпарт. Там спецыяліст, калі ён разбіраецца, бачыць неадпаведнасць, пачынаюцца пытанні. Могуць нават не ўзяць на працу – маўляў, навошта нам людзі з праблемамі.
Таксама, калі жанчына змяніла пол, то яе, як мужчыну, ставяць на воінскі ўлік. Але ў нас дагэтуль жаданне змены полу лічыцца псіхічным захворваннем. У ваенным білеце так і пішуць. Гэта таксама дыскрымінуе чалавека і накладае на яго пэўныя абмежаванні.