Цягнікі Гродна-Варшава ёсць у раскладзе на 2016 год. Але грошай на іх яшчэ не знайшлі
Праз сем тыдняў, 13 снежня, з раскладу польскай чыгункі знікнуць цягнікі Гродна-Элк і Гродна-Малкіня. Пакуль невядома, якія рэйсы прыйдуць на іх месца. Міністэрства Інфраструктуры і Развіцця месяц таму адмовілася ад далейшай фінансавай падтрымкі гэтых спалучэнняў. За гэты час фірма Przewozy Regionalne так і не знайшла новай крыніцы падтрымкі. Маршалкоўскае ўпраўленне Падляшскага ваяводства пакуль што не ўзяло на сябе такіх фінансавых абавязкаў.
Пры гэтым у папярэдняй версіі раскладу на 2016 год запланавана спалучэнне Гродна-Варшава. “Аднак, паколькі няма канчатковага рашэння наконт фінансавання з цэнтральнага бюджэта, мы не зможам запусціць цягнікі ў межах новага раскладу, які ўвойдзе ў сярэдзіне снежня”, – патлумачыў “Твайму стылю” прэс-сакратар прадпрыемства Przewozy Regionalne Міхал Сцільгер. Па яго словах, зараз фірма не займаецца камерцыйнымі перавозкамі, а выконвае грамадскую місію, для якой была створана – абслугоўвае рэгіянальныя і агламерацыйныя трасы (маюцца на ўвазе прыгарадныя спалучэнні ў ваколіцах буйных ваяводскіх гарадоў).
Згодна з даследаваннямі рынку, якія праводзіліся непасрэдна ў цягніках, на трасах Элк-Гродна і Малкіня-Гродна больш за ўсё пасажыраў (у сярэднім – некалькі дзясяткаў чалавек) ездзіць толькі праз мяжу – з Кузніцы Беластоцкай у Гродна ці наадварот. Далей па трасе цягніком карыстаецца вельмі мала чалавек.
Па існуючых у Польшчы правілах, арганізацыяй прыгранічнага спалучэння павінны займацца ваяводскія ўлады. Przewozy Regionalne гатовыя запусціць кароткія рэйсы Гродна-Беласток ці Гродна-Кузніца, калі маршалкоўскае ўпраўленне Падляшскага ваяводства прафінансуе іх або калі грошы дадуць цэнтральныя ўлады.
Беларуская чыгунка: Мы робім усё, каб польскія цягнікі працягвалі курсіраваць у Беларусь
Магчымая адмена рэйсаў з Гродна закране, дарэчы, не толькі беларусаў, але і палякаў, якія штодзённа даязджаюць у Беласток з навакольных мястэчак і вёсак. Калі нічога не зменіцца, то жыхары Кузніцы змогуць патрапіць у Беласток только два разы ў дзень.
Пры гэтым дамовіцца наконт рэгіянальнага цягніка паміж Беластокам і літоўскім Коўна ўсё ж атрымалася. Магчыма, тут сыгралі ролю новыя рэйкі ад мяжы да Коўна, збудаваныя літоўцамі ў межах праекта Rail Baltica (сучаснае спалучэнне ад Варшавы да Таліна праз Вільню і Рыгу). Цягнік Беласток-Коўна са зручнай перасадкай далей у Вільню павінен у 2016 годзе хадзіць у выходныя. Перамовы наконт яго запуску цягнуліся сем месяцаў, ліст аб намерах падпісалі 27 кастрычніка. Зараз рыхтуюцца канкрэтныя прапановы.