Новенькія вулічныя трэнажоры чакаюць гарадзенцаў у самым цэнтры горада

|

Вулічныя трэнажоры на базе Гарадской гімназіі з’явіліся ў жніўні гэтага года. Школа за свае грошы набыла спартыўную пляцоўку для сваіх вучняў. Агульны кошт трэнажораў – 130 мільёнаў рублёў.

– Мы знаходзімся ў цэнтры старога мікрараёна, дзе ёсць некалькі інтэрнатаў і гімназія. Спартыўнага будынка ў нашым раёне не было. У жніўні, перад пачаткам навучальнага года, мы далі магчымасць займацца спортам як вучням, так і жыхарам вуліцы Парыжскай камуны, – расказвае дырэктарка школы Ганна Дулуб.

 

З пачатку восені на пляцоўку прыходзіць займацца шмат моладзі. За два месяцы эксплуатацыі ў гімназіі заўважылі, што гарадзенцы сапраўды палюбілі гэтае месца. “Я лічу, што такія пляцоўкi павінны быць у кожным мікрараёне. Магчыма, у будучыні мы самі зробім яшчэ адно месца з трэнажорамi”, – кажа спадарыня Ганна.

Каб падтрымліваць парадак, на тэрыторыі гімназіі ўстанавілі камеры, скіраваныя на спартыўную пляцоўку. Літаральна некалькі дзён таму трэнажоры дадаткова абгарадзілі плотам. Прыходзіць займацца можна штодзённа з 9.00 да 18.00.

 

Акрамя вулічных трэнажораў, на тэрыторыі гімназіі ёсць адкрытая прагумаваная пляцоўка, дзе можна пагуляць у баскетбол і футбол.