У Гродне з міліцэйскага “Дынама” вырастае сур’ёзны мініфутбольны клуб
Ідэю стварыць міні-футбольную каманду, якая б магла заявіць пра сябе на ўсю краіну, у маі 2014 года агучыў начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама палкоўнік Вадзім Сіняўскі. Ён жа і кіраваў працай. На той момант адзіны міні-футбольны клуб сілавікоў у Беларусі быў у Мінску.
Спачатку трэба было атрымаць дазвол ад Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча на ўдзел каманды ў рэспубліканскіх спаборніцтвах. Другім крокам сталі перамовы са спонсарамі і атрыманне згоды старшыні аблвыканкама Уладзіміра Краўцова на аказанне спонсарскай дапамогі. І ўжо пасля гэтага сталі вызначацца са складам каманды і планаваннем вучэбна-трэніровачнага працэсу.
У першы год існавання “УУС Дынама” здолела заваяваць адну з дзвюх пуцёвак у вышэйшы дывізіён, стаўшы срэбным прызёрам чэмпіянату Беларусi сярод каманд Першай лігі.
Галоўны трэнер Андрэй Козіч падзяліўся ўражаннямі ад мінулага сезону і планамі на будучыню:
– Вельмі радасна, што ўсяго за год нам удалося стварыць малады, канкурэнтаздольны калектыў, які ўжо паспеў пра сябе заявіць ў вышэйшым дывізіёне. Наша каманда зараз адна з самых “маладых” у чэмпіянаце Беларусі. Сярэдні ўзрост гульцоў крыху больш за 25 гадоў. Калектыў у нас перспектыўны, але я ведаю, што гульцы могуць больш. У першую чаргу чакаю прагрэсу ад моладзі і стабільнасці ад дасведчаных футбалістаў.
Каманда на дадзены момант не з’яўляецца прафесійнай. Футбалісты гэта работнікі розных сілавых структур, арганізацый Гродна, а таксама студэнты. Ёсць у камандзе і два ўкраінскія легіянеры, з якімі заключаны працоўныя дамовы да канца сезона. Яшчэ ёсць футбалісты, якія прайшлі добрую школу “вялікага” футбола, адзін з іх – Сяргей Халецкі, які мае багаты вопыт гульні ў Вышэйшай лізе беларускага футбола (10 сезонаў).
– Пасля трыццаці гадоў, у вялікім футболе ў Вышэйшай лізе граць ужо неперспектыўна. Цяпер усюды робіцца ўпор на моладзь, – лічыць Сяргей. – Прапановы былі, але выбраў іншы варыянт.
Цяпер у яго свой бізнес, а ў “УУС Дынама” ён прыйшоў, каб цалкам не завязваць з футболам. Па яго словах, у міні-футболе іншая спецыфіка: выйшаў на пяць хвілін, выклаўся па максімуму і адпачываеш. Сяргей упэўнены, што ў ягонай сённяшняй каманды наперадзе вялікія перспектывы.
Хатнія матчы каманда праводзіць у спарткомплексе “Вікторыя”. На гульні ходзіць у сярэднім больш за 300 чалавек. Рэкорд гэтага сезону – 380 чалавек. І не скажаш, што каманду масава прыходзіць падтрымаць родная міліцыя. Акрамя супрацоўнікаў органаў і сваякоў, прыходзяць і аматары міні-футбола, якія хочуць паглядзець на відовішчную гульню. “УУС Дынама” прывозіць у Гродна моцныя каманды, якія неаднаразова станавіліся чэмпіёнамі Беларусі, а таксама выступалі на міжнароднай арэне.
Андрэй Козіч кажа, што сёлета каманда, патрапіўшы ў Вышэйшую лігу, перайшла на новы ўзровень. Але чэмпіянат толькі пачаўся і рабіць высновы пакуль рана.
– Цяпер мы знаходзімся ў такім становішчы, што за адну гульню можам апынуцца ў зоне плэй-оф. Пакуль нам не хапае вопыту. Згуляўшы сем тураў у вышэйшым дывізіёне, мы разумеем, што некаторыя гульні з моцнымі супернікамі прайгралі акурат з-за гэтага.
Каб патрапіць у Вышэйшую Лігу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе камандзе трэба заняць адно з двух першых месцаў у Першай Лізе. Гарадзенскую вобласць у ніжэйшай лізе прадстаўляе адна каманда – “Шчучын”. У вышэйшым дывізіёне краіны гуляе 16 каманд, з іх тры прадстаўляюць Гарадзеншчыну: “Лідсельмаш”, “Нёман” Бярозаўка і “УУС- Дынама”.
Фота: uvd.grodno.by