“Для нашых людзей гэта яшчэ адна нагода напіцца”. Што думаюць гарадзенцы пра святкаванне Хэлоўіна?

Андрэй Мялешка, журналіст

З рэлігійнага пункту гледжання я супраць,  бо гэта нейкае дзіўнае, незразумелае свята. Але скажу так – хай будзе. Некалькі гадоў запар Гродзенскі форум праводзіў Хэлоўін на старым млыне каля Ласасянкі, я быў сярод арганізатараў. Тыя хэлоўіны – добрая нагода, каб сустрэцца з сябрамі, ці пазнаёміцца з новымі людзьмі, добра правесці час. Такая свайго роду “дзвіжуха”, без укладання нейкіх глыбокіх сэнсаў. Але ў гэтым годзе хутчэй за ўсё хэлоўін на млыне не адбудзецца.

 

Аляксандра Літвінёнак, акторка тэатра лялек,

з ліку арганізатараў мінулагодняга тэатральнага Хэлоўіна

Сёлета наша меркаванне наконт адзначэння гэтай падзеі катэгарычна змянілася. У мінулым годзе, арганізуючы імпрэзу, мы ўспрымалі ўсё як гульню і жарты. Зараз больш стала ацанілі сітуацыю, зірнулі з пункту гледжання хрысціянства, і вырашылі, што не варта нават гуляць з такімі злымі духамі, якіх прапануе Хэлоўін. Можа стацца, што бясплотныя духі атрымаюць вялікую сілу, і ў такой гульні можна моцна апячыся. Таму зараз вырашылі пазбегнуць такой сустрэчы.

 

Вольга Авасількі, акторка тэатра лялек,

з ліку арганізатараў мінулагодняга тэатральнага Хэлоўіна

Наадварот, захацелася гэтым днём зрабіць нешта “анёльскае” – светлае і добрае. Мы параіліся, і вырашылі запрасіць гурт SoUNDUK. Увогуле, сёлета мы асвяцілі тэатр, запрашалі прадстаўнікоў праваслаўнай епархіі на нашы спектаклі, плануем і надалей супрацоўнічаць. Магчыма, у пэўных нашых мерапрыемствах з’явяцца хрысціянскія матывы. Зараз разглядаем варыянты навагодніх сцэнароў, магчыма там будуць калядныя сустрэчы, ці калядоўшчыкі як “чыстая сіла” будуць дзейнічаць у дзіцячых ранішніках. А злых духаў прывабліваць у тэатр не трэба, ад гэтага мы адмовіліся.

 

Протаіерэй Георгій Рой,

настаяцель Пакроўскага кафедральнга Сабора

У чалавека павінна быць магчымасць адзначаць тое, што ён хоча. Што тычыцца канкрэтна так званага Хэлоўіна, то упэўнены, што для людзей, якія лічаць сябе хрысціянамі, удзел у гэтым маскарадзе недапушчальны. Для хрысціян тут не можа быць кампрамісу з той прычыны, што Хэлоўін ёсць ні што іншае як наўмыснае скажэнне хрысціянскай традыцыі малітоўнага шанавання памяці памерлых.

 

Хэлоўін і ўсё, што яго суправаджае – вобразы пачвараў цемры, ёсць ні што іншае, як здзек з нашы’ памерлых. Калі хтосьці вырашыў, што для яго гэта дапушчальна, то ён адназначна супрацьпастаўляе сябе хрысціянскай веры і традыцыі. Не магу лічыць Хэлоўін нейкім бяскрыўдным жартам. Нехрысціяне няхай вырашаюць самі, адзначаць ім гэты дзень, ці не.

 

Таццяна, студэнтка

Гэта свята патрэбна! Хаця асабіста я яго не святкую, максімум – рэжу галаву з гарбуза і стаўлю туды свечку. Прыгожа. То бок я не ведаю, навошта гэта свята і ці свята гэта ўвогуле. Сэнс яго, напэўна, у яшчэ адной нагодзе для гулянак і п’янства. Калі б у нас гэта было так папулярна, як за мяжой, то сэнс быў бы ў незвычайным настроі, касцюмах, упрыгожаннях. Праўда, ёсць у гэты дзень нешта ў вернікаў, але я асабліва ў гэта не ўнікала.

 

Вікторыя, студэнтка

Навошта патрэбна свята? Ніколі не разумела і не разумею дагэтуль яго сэнсу. Для некаторых гэта яшчэ адна нагода апрануцца нячыстай сілай, размаляваць твар і ісці палохаць людзей. Ці, можа, эпаціраваць? Усе гэтыя гарбузы, крывавыя твары, выцякаючыя вочы… Свята ўродаў? Свята страху? Не разумею… Мабыць, я проста не сучасная.

 

Анастасія, студэнтка

Я за гэта свята. Сучасны Хэлоўін прадстаўляе сабой толькі адгалосак старажытнага кельтскага свята – Самайна. Святкаванне Самайна было апісана як час, “калі нармальны рух Сусвету прыпыняецца і мяжа паміж натуральным і звышнатуральным часова знікае, магічныя дзверы адчыняюцца, і ўсе божыя стварэнні і духі мёртвых могуць свабодна перамяшчацца ў свеце жывых людзей і часам інтэнсіўна ўмешваюцца ў іх жыццё”. Таму п’яныя “зомбі” і голыя ведзьмы не надта дарэчныя. Для нашых людзей гэта яшчэ адна нагода напіцца.

 

Нортан, уладальнік этнакрамы “Цудоўня”

Хто хоча адзначае, хто хоча – не. Нехта адзначае Хэлоўін, нехта – Дзяды. Хэлоўін – гэта свята, якое можна адзначаць, калі табе сумна і калі ў цябе свята даўно не было. Ён для нас, беларусаў, не мае ніякага значэння. Хрысціяне могуць адзначаць Дзень усіх святых, паганцы – Дзень шанавання продкаў. Кожны сам для сябе вырашае.

 

Я не буду святкаваць Хэлоўін. Можна было б адсвяткаваць Дзяды, але я не дастаткова добра ведаю значэнне рытуалу. А пакуль я не разумею асноўнай сутнасці, я не буду прымаць нейкія дзеянні.

 

Калі вы ўсё ж вырашыце неяк адзначыць Хэлоўін, то мы падрыхтавалі адмысловую падборку месцаў, дзе гэта можна зрабіць у Гродне.