Першая “РэтраСерада” адбылася ў Гродне
“РэтраСерада” з’яўляецца сумесным праектам установы “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” і рэстарана “Тапаз”.
Дырэктарка Цэнтра дадатковай адукацый дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” Лана Руднік распавяла, як з’явілася ідэя праекта:
“Некалькі гадоў таму мы з сям’ёй адпачывалі ў Гішпаніі і сталі сведкамі адной танцавальнай вечарыны. Самымі актыўнымі на вечарыне былі сталыя людзі. Яны так прыгожа танцавалі, што мы ў захапленні стаялі з шырока расплюшчанымі вачыма. Раскаваныя, прыгожыя, акторскія. Гэта было сапраўднае свята. І тады я вырашыла, што хачу зрабіць — найперш для сталых людзей — нешта падобнае ў нашым горадзе.
Я ведаю, што ў нас ёсць летняя танцавальная пляцоўка і яна вельмі папулярная. Але ў халодную пару года яна не працуе, і такіх пляцовак у горадзе вельмі мала.
Вельмі хацелася стварыць свята, зрабіць так, каб хаця б на некалькі гадзін чалавек акунуўся ў атмасферу свята, чароўных гукаў.
Мы з нашымі партнёрамі Юлей і Уладзімірам (кіраўнікамі рэстарану “Тапаз”) запрасілі ў каманду выдатных экспертаў — вядучага Аляксандра і выкладчыцу танцаў Аксану, і сталі прыдумляць сцэнар.
Мне вельмі прыемна, што яшчэ адзін наш новы праект распачаў сваё жыццё. Я спадзяюся, што ён стане папулярным сярод людзей рознага ўзросту і дазволіць інтэграваць у святочнай, разняволенай атмасферы людзей розных пакаленняў”.
Большую групу ўдзельнікаў сустрэчы складалі слухачы праграмы “Універсітэт Залатога Веку”.
Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі ад імпрэзы:
Лілія:
“Мы нават не чакалі, што так добра тут будзе! Хочацца, каб такія вечарыны ладзіліся як мага часцей. Канешне, хочацца, каб у іх прымала ўдзел больш мужчынаў, каб настрой яны нам тут падвышалі. Дзякуй вялікі арганізатарам гэтай вечарыны”.
Раіса:
“Цудоўныя ўражанні ад вечарыны, хочацца, каб яны арганізоўваліся часцей!”
Рэгіна і Зоя:
“Вечарына супер! Нам вельмі спадабалася. Настрой выдатны, музыка цудоўная, і маладосць успомнілі. Дзякуй вялікі арганізатарам, так трымаць!”
Веслаў і Альміра:
“Нам вельмі ўсё спадабалася, мы і не чакалі, што так можа атрымацца. І танцы, і музыка, і з людзьмі пакамунікавалі. Знайшлі сабе тут новых сяброў. Хоць мы ўсе навучаемся ў адным Універсітэце Залатога Веку, але менавіта тут удалося са многімі пазнаёміцца. Такія вечарыны вельмі аб’ядноўваюць!”
У планах арганізатараў ладзіць РэтраСераду кожны месяц. Наступная вечарына ў стылі 40-50-х гг. запланаваная на канец лістапада. Падрабязная інфармацыя з’явіцца пазней на сайце арганізатараў.