Старыя гарадзенскія могілкі. Частка ІІ: Некропаль на Антонава
Гэта Фарныя каталіцкія могілкі па сённяшняй вуліцы Антонава. Па сваёй значнасці іх можна супаставіць толькі з віленскімі Россамі і львоўскім Лычакоўскім некропалем.
На могілках прызначалі сустрэчы і заключалі здзелкі
Пачаць трэба здалёк. Калі раптоўна патрапіць у горад у XII-XVIII стст., то мы апынемся ў зусім іншай прасторы. Тады могілак было куды больш чым зараз. Чаму так? Справа ў тым, што ў той час было прынята размяшчаць іх каля касцёла, кляштара ці царквы. А былі ж яшчэ пахаванні ўнутры храмаў. Таксама варта ўзгадаць, што на могілкі не распаўсюджвалася ўлада гарадскога магістрату. Гэтая акалічнасць рабіла месца для мёртвых жывым у прамым сэнсе: тут адбываліся таямнічыя сустрэчы пад пакровам ночы, заключаліся здзелкі і г.д.
Калі не ведаць Гродна, у прыватнасці некропалей, можа падавацца, што фарныя могілкі заўсёды існавалі па сучасным адрасе. Але першапачаткова такую назву насіў некропаль, які знаходзіўся каля легендарнай Фары Вітаўта. Вядомы ён яшчэ з канца XV ст. Сам касцёл таксама быў месцам пахавання. Менавіта ён прыняў да сябе цела памерлага караля Стэфана Баторыя. Могілкі ж праіснавалі да 1804 года.
Калісьці ў Гродне была вуліца Могілкавая
Узнікненне могілак па-за межамі тагачаснага горада (а сёння на Антонава) адносіцца да мая 1792 года – тады на гэтай прасторы з’яўляюцца першыя пахаванні. А праз трыццаць год, у 1822 годзе, была пабудавана і капліца фундацыі Казіміра Судніцкага (архітэктар – Караль Вільгельм Багемюль). У савецкія часы яна была моцна пашкоджаная і не дайшла да нас і блізка ў сваім першапачатковым абліччы. Адбудавалі яе толькі ў 1992 годзе.
Сам некропаль дзейнічаў да 70-х гг. ХХ ст., калі было прынята рашэнне аб яго закрыцці. Але і зараз часам там адбываюцца пахаванні.
Яшчэ адносна нядаўна старыя могілкі выглядалі так
І адна з самых старых выяў фарных могілак – каля 1918 года
Унікальнасць гарадзенскіх каталіцкіх могілак заключаецца не толькі ў іх поліэтнічнасці, але і ў тым, што літаральна праз дарогу знаходзіцца праваслаўны некропаль, які ўзнік на пачатку ХІХ ст. Іх раздзяляла калісьці вуліца Могілкавая.
Могілкі – як галерэя
Фарныя могілкі па вуліцы Антонава – па ўяўленнях даўніх гарадзенцаў – месца сустрэчы рэальнага і метафізічнага. Прастора некропаля з’яўляецца не толькі апошнім прытулкам людзей, але і яркім абразчыкам тагачаснай культуры. Яна хавае шмат прыкладаў выяўленчага мастацтва: унікальныя скульптуры з пясчаніка, брутальныя гранітныя надмагіллі, прыгожае чугуннае ліццё і іншае. Цікавымі з’яўляюцца і літаратурная складаючая некропаля (эпітафіі) і фотамастацтва.
Некропаль стаў апошнім прытулкам шматлікіх выбітных асобаў. Гэта, у першую чаргу, Эліза Ажэшка і яе маці, удзельнікі паўстання 1863-64гг. (Людамір Абрэмскі, Вінцэнт Янушкевіч, Вітольд Гансеўскі і інш.), Ян Каханоўскі, гарадзенскія віцэ-губернатары Т. Янеўскі і К. Максімовіч, барон 3. Дангел, урач А. Тальгейм, прэзідэнты Гродна міжваеннага часу, Баляслаў Шышкевіч (закладальнік фірмы па вырабу надмагілляў), афіцэры некалькіх армій, студэнты віленскага і петэрбургскага універсітэтаў і шматлікія іншыя. Але кожны спачылы там – уладальнік па-свойму неверагоднай гісторыі жыцця. Датычна нацыянальнага складу, то сярод пахаваных прадстаўлены беларусы, палякі, літоўцы, немцы, аўстрыйцы, французы, чэхі і італьянцы.
Як бачым, месца сапраўды ўнікальнае ва ўсіх сэнсах. Гэта не толькі месца пахавання памерлых. Тут сустракаюцца мінулае і сучаснае, жыццё і смерць, бо сам рытуал пахавання – гэта спосаб фіксацыі памяці пра сваіх продкаў. Памяці гістарычнай і нацыянальнай.
Зараз могілкі знаходзяцца не ў лепшым стане. На вачах развальваюцца і гінуць надмагіллі, скульптуры, склепы. Вінаваты не толькі час, але і шкодная дзейнасць саміх гараджан. Вандалы не абмінулі гэтых могілак. Але не ўсе так песімістычна: ужо зараз актыўна прымаюцца меры па захаванню гэтага ўнікальнага помніка мясцовай культуры.
Дзейнасць вандалаў