“Хочам размаўляць на мове продкаў”. Сям’я з Расіі праехала 9000 км, пасялілася ў Гродне і ходзіць на “Мову Нанова”
У Гродне “усё стала на свае месцы”
Сям’я з трох чалавек – маці, бацькі і сына – упершыню прыехала ў Беларусь да знаёмых у 2012 годзе. З таго часу яны пабывалі ў многіх гарадах, але акурат у Гродне “усё стала на свае месцы”. Тут, амаль 9000 км ад старога дома, яны жывуць ужо другі год.
“Гродна нас прыняў зусім па-іншаму. Гэта не перадаць словамі, гэта трэба адчуць. У гэтым горадзе ёсць нейкая таямнічасць, аўра, якая прыцягвае да сябе. Мне падалося, што Гродна – маё роднае месца, што раней я была і шпацыравала па старых вулачках гэтага горада”, – кажа Таццяна. Рашэнне пра пераезд было няпростым, бо ў Расіі ў сям’і ўсё было, тут жа трэба было пачынаць спачатку, шукаць працу, набываць кватэру.
“Працу мы знайшлі адразу. Я працую медыкам, муж настаўнікам, сын пайшоў у школу. Мы шчаслівыя. Было страшна, але мы рызыкнулі і зараз ні пра што не шкадуем. Беларусь для нас родная, і мы хочам стаць часткай гэтай краіны”.
Пра рэпрэсіі ў сям’і амаль не казалі
Продкі Таццяны да вайны жылі на паўночным-захадзе Беларусі, былі дастаткова заможнымі і давалі працу жыхарам навакольных вёсак. Жыццё змянілася з прыходам Чырвонай арміі ў 1939 годзе. З паважаных людзей яны ператварыліся ў ворагаў народа і патрапілі пад раскулачванне.
“У сям’і на тэму рэпрэсій практычна ніколі не казалі. Мая маці баялася, што праблемы 30-х гадоў можа закрануць і пазней. Таму ніколі нам нічога падрабязна не расказвала. Я толькі ведаю, што прадзед Уладзімір меў млын, у яго працавалі людзі”, – кажа Таццяна. Зараз яна амаль нічога не ведае пра свой род. Сувязь са сваякамі страчана, але нехта, магчыма, застаўся ў Магілёўскай вобласці. З імі пакуль што не ўдалося скантактавацца.
У 1939-м у сям’і адабралі гаспадарку і маёмасць, усе апынуліся на вуліцы. Прабабулю і прадзеда пасадзілі ў турму, пяцёрцы дзяцей не было куды дзявацца. Потым бацькоў выпусцілі, але ў той момант у іх доме жылі ўжо іншыя людзі. У выніку сям’я пакінула радзіму і апынулася на Кубані.
“Калі пачалася Другая сусветная, усё баяздольныя мужчыны нашай сышлі на фронт – гэта былі тры яшчэ зусім маладыя браты маёй бабулі. Два з іх загінулі ў першыя дні. Наш дзед, трэці брат маёй бабулі, прайшоў усю вайну, меў медалі за баявыя заслугі. Але па вяртанні дадому яго неўзабаве арыштавалі і асудзілі на 10 гадоў. Ніхто з нас да гэтага часу не ведае за што. Бо ў нашай сям’і заўсёды працавалі і жылі па хрысціянскіх запаведзях”, – кажа Таццяна.
Першыя словы на мове пачулі ў грамадскім транспарце
Каб хутчэй “стаць беларусамі”, сям’я пайшла на курсы беларускай культуры і мовы.
“Мы хочам размаўляць на той мове, на якой размаўлялі нашыя продкі. Хочам быць часткай гэтай культуры і гэтага народа. Будзем прытрымлівацца беларускіх традыцый. Цяпер пайшлі на “Мову Нанову” Я вельмі захапляюся гарадзенцамі, якія ведаюць акрамя рускай і беларускай мовы, яшчэ і польскую. Мы да гэтага таксама будзем імкнуцца”, – кажа Таццяна. Першыя словы на мове яна пачула ў грамадскім транспарце. Зараз яе любімае слова –“трошкi”.
Зараз у кватэры сям’і многае нагадвае пра Беларусь. Каласы набылі ў першую чаргу.
“Першы год мне было цяжка вучыцца, цяпер ужо значна лепш. Па беларускай мове яшчэ не атэставаны, але я рыхтуюся да гэтага. Мне вельмі падабаецца беларуская мова і я хачу вольна не ёй размаўляць”, – кажа Іван.
Іван у Гродне пайшоў у 8 клас. Акрамя вучобы ён займаецца футболам.
Цягнула ў храм, пабудаваны рэпрэсаванымі
У родным Благавешчанску, па словах Таццяны, ёсць людзі, звязаныя з Заходняй Беларуссю. У горадзе быў касцёл, які будавалі палякі яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя, але ў 1960-х яго зачынілі, а пасля перарабілі пад царкву. Пасля развалу Саюза, у 90-х у Благавешчанску пабудавалі новую царкву.
“Але мы наведвалі стары храм, той, які раней быў каталіцкім. Менавіта там мы знаходзілі душэўны спакой і гармонію. Я не магу растлумачыць чаму так, але душа цягнулася менавіта да яго”, – расказвае Таццяна.
Былы касцёл ў Благавешчанску
У Благавешчанску і цяпер ёсць каталікі, але на службу яны збіраюцца на кватэры. Яны – нашчадкі людзей, якія ў розныя часы трапілі пад рэпрэсіі. Таццяна кажа, што дзеючыя ўлады горада сумесна з царкоўнай епархіяй разглядаюць пытанне аб вяртанні касцёла вернікам. Як хутка гэта адбудзецца – невядома.
Сям’я Г. рэгулярна падтрымлівае сувязь з сябрамі з Расіі і прапануе ім прыехаць у госці. Сяброўка Вераніка акурат мае ў Гродне сваякоў і на наступны год плануе прыехаць у Гродна на адпачынак. Яна таксама не выключае, што следам за сям’ёй Таццяны з часам пераедзе сюды жыць.