“Пачуў, зразумеў, зраблю”: галоўны трэнер хакейнага “Нёмана” сустрэўся з заўзятарамі клуба

|

Хаця ніводны трэнер  у Беларусі раней не праводзіў такіх сустрэч, паслухаць чэшскага спецыяліста прыйшло каля 70 гарадзенскіх заўзятараў.

Мілаш зазначыў, што ў папярэдніх клубах, дзе яму  даводзілася працаваць, падобныя сустрэчы ішлі на карысць як клубу, так і заўзятарам. Таму галоўны трэнер вырашыў праводзіць іх і ў Гродне.

 

– Ведаеце, мне прыемна, што  сустрэцца са мной прыйшло так многа людзей. Баяўся, што будзе толькі пару заўзятараў. Мне, як галоўнаму трэнеру гарадзенскай каманды, вельмі важна ведаць меркаванне ўсіх, уключаючы заўзятараў і нават прыбіральшчыц, якія працуюць у нас у Лядовым. Нам патрэбна сувязь, і такія сустрэчы павінны праходзіць рэгулярна.

Прэс-аташэ ХК “Нёман” Віталь Гарбацюк (злева) і галоўны трэнер “Нёмана” Мілаш Голань

Сяргей Каплiнcкi, адданы фанат гарадзенскага “Нёмана”. Быў адным з самых актыўных на сустрэчы з галоўным трэнерам

Сяргей Емяльянаў, кіраўнік фан-руху гарадзенскага клуба, таксама задаў шэраг пытанняў.

Заўзятары распавялі трэнеру, што хочуць прымаць актыўны ўдзел у жыцці клуба. А таксама выказвалі  занепакоенасць гульнёй “Нёмана” на працягу апошніх матчаў, у прыватнасці паразай ад “Юнацтва” ў Гродне. 

 

 – За маімі плячыма 15 гадоў трэнерскага вопыту. Паверце мне, я ведаю, што раблю. Мы мяняем тройкі, эксперыментуем, гуляем на зладжанасць. Спадзяемся, што пасля перапынку ў чэмпіянаце пакажам зусім іншую гульню. Для мяне самы добры матч быў у Гродне, калі мы прайгралі “Юнацтву”. Мы там біліся да канца, змагаліся. І цяпер у нас ёсць мэта абыграць мiнскую каманду, хоць яны і фаварыты ў чэмпіянаце.

Таксама на сустрэчы была закранута тэма легіянераў. З 5 узятых замежнікаў летам у складзе “Нёмана” засталося трое: Мікулік, Сэман і Якiмовiч. Усе астатнія пакінулі Гродна.

 

– З’ехалі, бо як прыязджалі да нас не падрыхтаванымі. Па статыстыцы яны былі добрыя, і мы разлічвалі на іх. Але на справе не было выніку. Напрыклад Хован у папярэдняй камандзе забіў больш за 30 шайбаў, а ў Гродна адаптавацца не змог. Верагодней за ўсё асноўнай прычынай няўдачы стаў моўны бар’ер. Нядаўна ўзялі Касянчука, разлічваем на яго. У гульца вялікі вопыт выступаў ў розных турнірах. Але пакуль выніку няма, спадзяемся ён будзе пасля перапынку.

Заўзятары ў сваю чаргу дадалі, што  пасля перапынку чакаюць выніку , не толькі ад легіянераў, але і ад усёй каманды.

На што Мілаш Голань адказаў: “Пачуў, зразумеў, зраблю“.

Таксама галоўны трэнер адзначыў, што яшчэ няма яснасці  з падпісаннем новага контратка з Сэманам. І гульца ў Чэхіі сям’я, якая яго чакае. Ці застанецца ён у “Нёмане” –  пакуль невядома. Клуб робіць усё магчымае, каб такія гульцы як ён засталіся ў Гродне. 

 

Таксама трэнер распавёў, што клуб разглядае варыянт з вяртаннем Крыстэка.

 На пытанне пра Гродна Мілаш Голань распавёў, што ў гэтым горадзе яго ўсё задавальняе.

 

– Я б хацеў у Гродне працаваць не два гады, як прапісана ў кантракце, а 5 гадоў. Мне тут усё падабаецца. Вуліцы чыстыя, людзі добрыя. Дзеці пайшлі ў садок і ім падабаецца, нягледзячы на тое, што там гарлапаняць выхавальнікі. Я лічу, што дысцыпліна вышэй за ўсё.

У канцы сустрэчы галоўны трэнер падзякаваў усім тым, хто прыйшоў, а таксама раздаў некалькі дзясяткаў аўтографаў.

У бліжэйшай будучыні будзе планавацца сустрэча  кіраўніцтва каманды, прадстаўнікоў Лядовага палаца і саміх гульцоў.

 

Фота Руслана Кулевіча.