Ад прэзерватываў да абязбольваючых: што гарадзенцы купляюць ноччу ў дзяжурнай аптэцы?
Супрацоўніца аптэкі, сталая ўсмешлівая жанчына Тамара Андрэеўна (імя змененае па яе просьбе), расказвае, што ноччу да іх прыходзяць самыя розныя людзі, якія купляюць і стандартныя, і нетыповыя прэпараты.
Аптэкар – не эксперт па прэзерватывах
Гэтай ноччу людзей менш, чым заўсёды. Першым кліентам аказаўся Чак – хлопец з Нігерыі. Браў ён звычайны для начной аптэкі прэпарат.
– Мне, калі ласка, “пасцiнор”, – ціхім голасам сказаў афрыканец. Потым ён распавёў, што ў яго чакаецца весёлая ноч – прыйдзе сяброўка, таму неабходныя супрацьзачаткавыя.
– Такіх як ён вельмі шмат. Прыходзяць, часам са мной кансультуюцца. Якія лепш узяць прэзерватывы, каб не рваліся, які прэапарат лепш узяць, каб адчуваць сябе больш пэўна з дзяўчынай і г.д. Яны думаюць, што я эксперт у гэтых справах. Я раю тое, што больш за ўсё карыстаецца папулярнасцю. А так з імі весела, што на цэлы дзень хапае ўспамiн, – распавядае з усмешкай аптэкарка.
Здараюцца ў аптэцы і экстрымальныя выпадкі. Нядаўна сюда літаральна дапаўзла дзяўчына з бранхіяльнай астмай. Не паспела нічога сказаць і проста ўпала. Аптэкарка імгненна аказала ёй першую медыцынскую дапамогу і выклікала хуткую. Але такія здарэнні рэдкія.
Апошнім часам зніклі бамжы
А вось і мужчына ў позні час прыйшоў за валяр’янкай.
– У мяне жонка ляжыць у шпіталі, а з ёй пенсіянеркі. Дык вось яны і папрасілі мяне купіць, напэўна заснуць не могуць. Я лічу, што трэба дапамагаць людзям.
З тым, што людзям трэба дапамагаць, згодна і фармацэўтка.
– Апошнім часам зніклі бамжы. Яшчэ ўлетку яны рэгулярна прыходзілі і бралі баярышнік і сардэчнік, а цяпер іх наогул няма. Нават не ведаю, што з імі здарылася. Згодна з нормамі мы ім прадавалі па два флаконы. Іншы раз яны і таблеткі бралі.
Без розніцы, што браць, абы зуб не балеў
Пасля невялікага перапынку ў аптэку ў спешцы грукае маладая пара, якая просіць кетанол і анальгін.
– Жанчына, вы нам даёце “кетаноф”, а нам “кетанол” патрэбны, – абураецца дзяўчына. У адказ яна чуе, што ёсць толькі гэта, а эфект такі самы. У выніку ў размову ўлязае хлопец. Яму без розніцы што браць, абы зуб не балеў, бо раніцай трэба ісці на працу.
– Тут ужо хочаш не хочаш, але прыйдзеш і возьмеш таблеткі. Людзі купляюць, і кошт парой іх не бянтэжыць, – кажа супрацоўніца аптэкі.
Не хапае некалькі тысяч – аптэкары дакладуць
Само памяшканне аптэкі на ноч зачыняецца. Пакупнікам даводзіцца тэлефанаваць у спецыяльны званок, і аптэкар адкрывае ім акно.
– Часам людзі прыязджаюць і не хапае пару тысяч. Мы дапамагаем i закладваем, а на наступны дзень яны прывозяць усё ў дзённы аддзел. Колькі было падобных сітуацый, і ўсе як адзін вярталі грошы. Ну што зробіш, калі чалавек з іншага канца горада прыехаў за таблеткамі для дзіцяці, а ў яго не хапае грошай. Вядома, дапаможам, мы ўсе людзі.
Недалёка ад аптэкі паркуецца машына, з яе ў спешцы выходзіць малады хлопец, які замаўляе ў акенцы эспумізан.
– Ехаць тут недалёка з Дзевятоўкі. Узяў “эспумізан” для дзіцяці. Колікі невялікія ў яго, то пакуль толькі з гэтым можа заснуць, – сказаў Вадзім. А ўслед за ім, падышоў Андрэй, які пад’ехаў з вуліцы Талстога (прыватны сектар у ваколіцах Горкага).
– Мне патрэбны гель ад тэрмаапёкаў. Жонка папрасіла, вось і прыехаў. Тут недалёка, дабрацца не праблема. Начныя аптэкі гэта вялікі плюс для горада. Хто ведае, што можа здарыцца…
Зараз у Гродне працуюць дзве начныя аптэкі: па вул. Ажэшкі, 42 (дом насупраць чыгуначнага вакзала) і па вул. Паповіча, 10 (скрыжаванне з вул. Савецкіх пагранічнікаў). Яны працуюць штодзённа з 21.00 да 8.00.
Яшчэ дзве прыватныя аптэкі ў горадзе працуюць да 24.00. Гэта аптэкі па вул. Парыжскай камуны, 12 і Каліноўскага, 75.
З дапамогай аптэкаркі мы склалi ТОП-5 самых папулярных пакупак у начной аптэцы:
1. Абязбольваючыя (анальгін, кетарол, кетанол)
2. Жарапаніжаючыяя (iбуфен)
3. Cупрацьзапальныя (найз, німесулід)
4. Віягра, віясіл, пастенор, прэзерватывы і г.д.
5. Памперсы, пялёнкі