Толькі без панікі! Што рабіць, калі на “Азоце” здарыцца аварыя?

|

Чым “Азот” пагражае гораду?

 

Рэальную небяспеку для горада ўяўляе толькі масавая ўцечка аміяку. Усе іншыя вытворчасці “Азота” пабудаваны так, што пры аварыі ўсё небяспечнае застанецца ўнутры прадпрыемства. Гэтаксама трэба памятаць, што “Азот” пабудаваны паводле ружы вятроў, што мінімалізуе яго ўплыў на горад.

 

Што яшчэ можа здарыцца на прадпрыемстве?

 

Іншая масавая вытворчасць на “Азоце” – капралактам. Аднойчы там здарылася ўцечка каля 100 кг, якая атруціла ваду і прывяла да мору рыбы. І хаця вострае атручванне капралактамам можа быць смяротным, гэта ўсё роўна адносна бяспечная вытворчасць.

 

Выбухнуць на “Азоце” можа газ. Часам можна пабачыць вогненнае полымя над адным з комінаў прадпрыемства – так спальваюць рэшткі газу. Тэарэтычна, штосьці можа здарыцца на гэтым этапе. Пацярпець можа прадпрыемства і рабочыя, але ніяк не горад.

 

У савецкія часы на “Азоце” выпускалі селітру і прадпрыемства можна было за лічаныя дні перавесці на вытворчасць пораху для патрэб арміі. Адпаведна, вытворчасць была выбухованебяспечнай. Але з пачатку 90-х гэтую вытворчасць перапрафіліравалі.

 

Што рабіць, калі здарыцца аварыя ў цэху з аміякам?

 

Пра сур’ёзныя аварыі апавяшчае сірэна. Сістэму апавяшчэння насельніцтва тэстуюць двойчы ў год.

 

Калі вы пачулі гук сірэны, то не варта паддавацца паніцы, трэба ўключыць радыё або тэлевізар, каб даведацца, што здарылася, і атрымаць патрэбныя інструкцыі.

 

Аварыя можа заспець вас на вуліцы, у транспарце. Тады трэба зайсці ў любую краму ці памяшканне, дзе ёсць радыё, і быць ўважлівым да ўказанняў ратавальных органаў.

 

Аміяк лягчэйшы за паветра ў 1,6 разоў. Таму пры аварыі з аміякам варта хавацца на ніжніх паверхах будынкаў.

 

Калі на “Азоце” здарылася сур’ёзная аварыя, неабходна:

 

Апрануць сродкі абароны органаў дыхання і скуры (плашч, накідка, пальчаткі, гумовыя боты, процівагаз, ватна-марлевая павязка ці замест яе ручнік, кавалак тканіны, змочаны лімоннай ці воцатнай кіслатой).

 

Пакінуць раён аварыі ў кірунку, паказаным у паведамленні па радыё ці тэлебачанні.

 

Пакідаючы кватэру, выключыць крыніцы электраэнергіі, узяць з сабой асабістыя дакументы, неабходныя рэчы.

 

Выходзіць з зоны хімічнага заражэння варта ў бок, перпендыкулярны кірунку ветра.

 

Пасля выйсця з небяспечнай зоны трэба зняць верхнюю вопратку і пакінуць яе на вуліцы. Па магчымасці прыняць душ, прамыць вочы і насаглотку.

 

Калі з небяспечнай зоны выйсці немагчыма і адсутнічаюць сродкі індывідуальнай абароны, трэба застацца ў памяшканні і зрабіць яго экстранную герметызацыю: шчыльна зачыніць вокны, дзверы, вентыляцыйныя адтуліны, коміны, закрыць шчыліны ў аконных рамах і дзвярах, зашторыць іх, выкарыстоўваючы коўдры і любыя шчыльныя тканіны, папярэдне намачыўшы іх вадой.

 

Што пра бяспеку кажуць супрацоўнікі “Азота”?

 

Працоўны прадпрыемства Сяргей распавёў нам, што рабочыя кожны дзень працуюць з гаручымі вадкасцямі і матэрыяламі, небяспечнымі для жыцця.

 

“Бензолы, лактаны, перагрупіровачныя прадукты, якія выкарыстоўваюцца ў тэхналогіі. Кожны працоўны мае інструкцыі па тэхніцы бяспекі, індывідуальныя сродкі абароны. Праўда, у мінулым годзе адзін працоўны ўпаў у яму з вадкасцю па неасцярожнасці. Але ў асноўным гэтыя цэхі бяспечныя.

 

Самы небяспечны – цэх аміяку. Калі б там усё выбухнула, то горад накрыла б выбуховая хваля. За гадзіну загінула б траціна людзей, яшчэ столькі ж загінула б праз нейкі час, і толькі адна траціна выратавалася б. Але падобная рызыка мінімальная – спрацуе аўтаматыка, усё вельмі кантралюецца, таму сур’ёзнай аварыі адбыцца не можа”, – пераконвае наш суразмоўца.

 

Па ўнутраных інструкцыях, калі адбудзецца аварыя, перш за ўсё працоўныя павінны выклікаць МНС – націснуць аварыйную кнопку. Таксама на Азоце ёсць свой пажарна-аварыйна-выратавальны атрад, для кожнага работніка – процівагазы і касцюмы хімабароны.

 

Зараз будуецца чацвёрты цэх па вытворчасці аміяку, працы вядуцца кругласутачна. Новы шматтонны цэх мае разгрузіць старыя цэхі і дазволіць павялічыць вытворчасць.

  

Аміяк – бясколерны газ з рэзкім удушлівым пахам, добра раствараецца ў вадзе. Пры ўдыханні можа выклікаць таксічны ацёк лёгкіх і цяжкае паражэнне нервовай сістэмы. Пары аміяку моцна раздражняюць слізістыя абалонкі вачэй і органаў дыхання, а таксама скурныя пакровы, выклікаюць моцны слёзацёк, боль у вачах, хімічны апёк рагавіцы, страту зроку. Пры высокіх канцэнтрацыях магчымы смяротны зыход (пры ўздзеянні на працягу 30 хв – 1 гадзіны).

 

Прыкметы атручвання аміякам: пачашчанае сэрцабіцце, а пры моцным атручванні – млоснасць, рэзь у вачах, слёзацёк, насмарк, кашаль, цяжкае дыханне, парушэнне каардынацыі рухаў, трызненне.

 

Першая медыцынская дапамога пры атручванні аміякам

 

У зоне паражэння:

 

прамыць вочы і адкрытыя ўчасткі скуры вадой, надзець процівагаз, тэрмінова пакінуць зону паражэння.

 

Па-за зонай заражэння:

 

багатае прамыванне вачэй і адкрытых участкаў скуры вадой; пры фізічным болі ў вочы закапаць па 2 кроплі 1% раствора новакаіну ці 2% раствора дыкаіна з 0,1% растворам адрэналіну гідрахларыду; на адкрытыя ўчасткі скуры – прымочкі 3-5% растворам борнай, воцатнай або лімоннай кіслаты; піць цёплае малако з пітной содай;

 

абязбольваючыя сродкі: 1 мл 1%- раствора марфіну, гідрахларыд або прамедола; падскурна – 1 мл 0,1% раствора атрапіну; пры астаноўцы дыхання – штучнае дыханне.

 

Пры паразе органаў дыхання:

 

свежае паветра, цёплыя вадзяныя інгаляцыі (лепш з даданнем лімоннай кіслаты), цяпло на вобласць шыі, пры ўдушэнні – кісларод.

  

Зразумела, што жыццё побач з хімічным заводам нясе з сабой пэўныя рызыкі. Але варта валодаць інфармацыяй, што рабіць у самых крытычных сітуацыях, каб зрабіць гэтыя рызыкі мінімальна магчымымі.