Журналіста Алеся Дзянісава не пусцілі здымаць фотавыставу ў Гродне

Дырэктарка выставачнай залы Ірына Сільвановіч не дазволіла Алесю Дзянісаву ўвайсці ў памяшканне. Між тым, прадстаўнікі іншых незалежных СМІ змаглі прысутнічаць на мерапрыемстве без перашкодаў.

Ірына Сільвановіч на адкрыцці выставы

 

Нагадаем, што менавіта спадарыня Сільвановіч разам з мужам, мастаком Аляксандрам Сільвановічам, у жніўні 2015 г. вымушаныя былі выступаць сведкамі ў судзе над фрылансерамі Алесем Дзянісавым і Аляксандрам Кіркевічам. Тады журналістам прысудзілі па 25 базавых велічынь штрафу за тое, што яны знялі для “Белсату” матэрыял пра выставу лялек літоўскіх майстроў. (Выстава адбывалася ў той жа зале.)

 

“Мне ўжо шмат дзе забаронена здымаць – усё гэта на нейкім неафіцыйным узроўні. Я прыйшоў здымаць выставу па асабістым запрашэнні фатографаў Андрэя Лянкевіча і Аляксандра Саенкі. Дырэктарка выставачнай залы Ірына Сільвановіч не ўпусціла мяне – я ж не буду змагацца з жанчынай! Я б пайшоў здымаць, але мяне спыніла думка пра пагрозу звальнення Сільвановіч з пасады дырэктаркі. Я не хацеў нашкодзіць чалавеку. Але усё ж заўважу, што фактычна спадарыня Сільвановіч “закрыла рот” незалежнай прэсе, хоць і не па сваёй волі… У Гродне палітыкі фактычна няма. Застаецца сацыялка і культура. І на людзей, якія займаюць нейкія пасады – дырэктарка музея рэлігіі, ці дырэктар тэатра лялек, ці дырэктарка гэтай выставачнай залы – вельмі лёгка націснуць…”

 

Сапраўды, у красавіку г.г. Дзянісава штрафавалі за сюжэт пра пра выставу слуцкіх паясоў у Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі, а ў сакавіку 2014 г. – за сюжэт пра спектакль “Фауст. Сны” ў абласным тэатры лялек. Паўсюль сведкамі ў суды цягнулі адказных супрацоўнікаў гэтых установаў.