Авіякатастрофа А321 не паўплывала на цану і попыт на адпачынак у Егіпце
Нагадаем, самалёт А321 авіякампаніі “Кагалымавія”, які выконваў рэйс з Шарм-эль-Шэйха ў Санкт-Пецярбург, разбіўся раніцай 31 кастрычніка на поўначы Сінайскага паўвострава блізу горада Эль-Арыш. Усе 224 чалавекі, якія знаходзіліся на борце, загінулі. Рэйс выконваўся па замове тураператара Brisco. 217 пасажыраў самалёта былі кліентамі кампаніі, якiя вярталіся з адпачынку ў Егіпце.
У “Краме гарачых пуцёвак” у Гродне расказалі, што падзенне самалёта над Егіптам на попыт з боку турыстаў не паўплывала.
– Зараз такі час – канец кастрычніка, пачатак лістапада, калі нашы людзі практычна не адпачываюць. Тыя турысты, якія ляталі ў Егіпет, яны і будуць лятаць. Тым больш многія разумеюць, што цяпер пералёт стане яшчэ бяспечней. Практычна ўсе самалёты зараз аблятаюць Сінайскі паўвостраў. У хуткім часе ўсё забудзецца і турысты будуць адпачываць, як i раней. Егіпет – танны і камфортны адпачынак.
На дадзены момант цэны на 10 дзён потыбу ў краіне фараонаў складаюць ад 500 даляраў на дваіх у чатырохзоркавым гатэлі. Цана на адпачынак апошнім часам не змянялася.
Каб быць у курсе ўсіх пералётаў, гарадзенскія тураператары прапаноўваюць карыстацца сайтам www.flightradar24.com, з дапамогай якога можна сачыць за тым, дзе знаходзіцца самалёт і шлях ён кіруецца.
Калі зараз зірнуць на сайт, то можна ўбачыць, што практычна ўсе самалёты ляцяць вакол Сінайскага паўвострава.
Тураператары ўпэўненыя, што падзенне самалёта ў Егіпце можа прыпыніць паток турыстаў толькі часова. Бліжэй да снежня і пачатку навагодніх канікул краіна на поўначы Афрыкі зноў будзе карыстацца попытам. Для многіх гэта ці не адзінае даступнае месца для аздараўленчай паездкі, дзе ёсць чыстыя воды і сухі спрыяльны клімат.
Фота fly-news.es