Гарадзенскія габрэі, што перажылі вайну, вяртаюцца на Радзіму. Дзве гісторыі выжыўшых

“З дзіцячага летніка нас вывезлі ў Сярэднюю Азію…”

 

У чэрвені 2015 года ў Гродна прыехаў пенсіянер з Сербiі, які доўгія гады шукаў гарадзенскую габрэйскую суполку. Чалавек, які не меў сувязі з габрэйствам, толькі ў вельмі сталым веку прыехаў туды, дзе пачалося яго жыццё. Па памяці з дзяцінства ён дайшоў да сінагогi. Увайшоўшы, чалавек прадставіўся жыхаром Белграда, які ў 1929 годзе нарадзіўся ў Гродне. На яго пабялелым твары сцякалі слёзы, а сям’я, якая была з ім, прытрымлівала яго, каб ён не ўпаў.

 

Перад самай вайной дванаццацi гадовы хлапчук з Гродна трапіў у міжнародны піянерскі летнік у Друскеніках. Пасля таго, як немцы напалі на СССР, габрэйскіх дзяцей цудам выратавалі савецкія салдаты, якiя ўцякалi на ўсход. Па ўспамінах старога, яны доўга ехалі на цягніку і праз нейкі час апынуліся ў Сярэдняй Азіі. Пасля вайны гарадзенец выхоўваўся ў дзіцячым доме. У родны горад ён не вяртаўся, бо ведаў, што ўсе габрэі Гродна загінулі. Прыехаць у тое месца, дзе кожная вуліца здавалася яму магілай сваякоў, ён не адважваўся. Праз гады ён апынуўся ў Харватыі, дзе сустрэў рускую жанчыну, на якой ажаніўся. Толькі на схіле гадоў гарадзенец адважыўся наведаць родны горад.

 

У падзяку за тое, што прадстаўнікі гарадзенскай абшчыны прысвяцілі яму час і распавялі гісторыю гета, былы жыхар Гродна даслаў энцыклапедыю гісторыі іюдэяў, выдадзеную ў 1910 годзе.


“Мяне выратавала польская сям’я…”

 

Праз месяц пасля візіту грамадзяніна Сербiі, Гродна наведвае старая жанчына з Польшчы. Па знешнасці яна нагадвае габрэйку, але так не прадстаўляецца. Пасля экскурсіі па сінагозе і музеі жанчына не вытрымлівае і са слязьмі на вачах распавядае, што яна нарадзілася ў Гродне ў габрэйскай сям’і і ёй цудам удалося пазбегнуць смерці.

 

“Каб выжыць у жахах вайны, вязні ішлі на многія неверагодныя ўчынкі”, – кажа Барыс Максавіч. Так, цаною расстрэлу, сям’я гэтай жанчыны, тады яшчэ маленькай дзяўчынкі, праз калючы дрот перадала яе польскай сям’і, хутчэй за ўсё за нейкую суму грошай. Многія жыхары горада ў той час паступалі па-чалавечы, забываючы пра свае ранейшыя антысеміцкія погляды.

 

Пазней маленькай дзяўчынцы казалі забыцца пра габрэйства, i яна стала полькай. Пасля вайны з новай сям’ёй гарадзенка з’ехала ў Лодзь. І толькі ў старасці яна прыехала на Радзіму сваіх продкаў, дзе адчула, кім з’яўляецца на самой справе.

 

Пасля вяртання ў Лодзь, пад уражаннем ад убачанага на роднай зямлі, жанчына стала пісаць лісты ў Гродна. У іх яна расказвае ўсё, што памятае. Магчыма, у хуткім часе і яе ўспаміны з’явяцца на стэндзе ў музеі, які знаходзіцца ў сінагозе.

 

Пасля смерці вядомага гарадзенскага габрэя Рыгора Хасiда, які пасля вайны застаўся жыць у Гродне, горад не ведаў больш пра жывых вязняў гета. Але знаходзяцца ўсё новыя і новыя імёны яшчэ жывых габрэяў, якія перажылі жахі вайны ў сценах гарадзенскага гета.

 

Яшчэ адна гісторыя выжыўшага: самы маленькі вязень гарадзенскага гета

 

“Ты павінен жыць, сынок”: Вязень гарадзенскага гета ўспамінае самыя страшныя гады ў сваім жыцці

 

Забытая гісторыя Гарадзеншчыны. Фелікс Зандман: “Мне было 15, я проста хацеў жыць “

 

Забытая гісторыя Гарадзеншчыны: пра знакамітага яўрэйскага футбаліста Пінхаса Малевіча расказвае яго сын

 

 

На здымку: гарадзенскія габрэйскія дзеці ў лагеры ў Друскеніках