Штрафаваць, нельга памілаваць. Каму патрэбная “турыстычная паліцыя”?

|

Пра штрафы для гідаў-нелегалаў узгадаў старшыня таварыства экскурсаводаў Мікалай Чырскі ў час круглага стала па турыстычнай тэматыцы ў Палаце прадстаўнікоў. Ён лічыць, што штраф павінен дасягаць 180 млн рублёў (100 базавых велічынь).

 

У размове з “Еўрарадыё” Чырскі адзначыў, што ў першую чаргу падобнымі штрафнымі санкцыямі павінны абкладацца замежныя экскурсаводы, якія могуць з-за недакладнага валодання беларускай гістарычнай інфармацыі скажаць факты з беларускай гісторыі. Штрафы мае выпісваць адмысловая турыстычная паліцыя.

 

Рэпрэсіі павысяць якасць экскурсій?

 

Гаворка пра тое, каб штрафаваць нелегальных экскурсаводаў, ідзе ўжо з 2011 года, нагадаў Міхаіл Кажура, намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама. “Такая практыка ёсць у Варшаве ці ў Вільні. Там не дазволяць праводзіць экскурсію немясцоваму гіду, нават звычайны паліцэйскі можа накласці штраф”, – кажа чыноўнік. У нас, калі змены ў заканадаўства прымуць, штрафаваць будуць і прыезджых гідаў, і гарадзенскіх нелегальных.

 

Чыноўнік лічыць, што на турыстычным бізнесе гэта ніяк не адаб’ецца, бо фірмы будуць замаўляць экскурсіі ў акрэдытаваных спецыялістаў. Школьных настаўнікаў, якія праводзяць экскурсіі ў межах навучальнай праграмы, закон не закране. Закон не будзе распаўсюджвацца таксама і на гарадзенцаў, якія праводзяць вандроўкі па горадзе для сваіх сваякоў ці сябраў, калі памер групы не больш за пяць чалавек.

 

Пра тое, што тэма ўжо не першы год “вісіць у паветры”, згадвае таксама гісторык і экскурсавод Таццяна Касатая. Яна ставіцца да прапановы Чырскага вельмі скептычна. “Павышаць якасць экскурсій рэпрэсіўнымі мерамі неэфектыўна”, – кажа яна. Акрамя таго, вырашэнне праблемы варта пачынаць з прычыны, а яна, на думку гісторыка, крыецца ў адсутнасці добрай сістэмы падрыхтоўкі экскурсаводаў, у прыватнасці – у цэнтралізацыі.

 

“Штрафаваць абавязкова! Не дазваляць прафанацыі!”

 

Пра тое, што практыка атрымання ліцэнзій на канкрэтныя маршруты існуе ва ўсім свеце, кажа гісторык Святлана Куль-Сяльверстава. Па яе словах, беларускія фірмы не вязуць з сабой экскурсаводаў за мяжу, бо ім там усё роўна не дазволяць працаваць, а на фірму накладуць спагнанне.


“Я гэтага дабівалася ў нас яшчэ 10 гадоў таму. Справа ў тым, хто будзе даваць ліцэнзіі і галоўнае – атэставаць і вучыць экскурсаводаў”, – кажа яна і ўзгадвае пра спрэчку з метадычным цэнтрам пры Міністэрстве спорту і турызму. Чыноўнікі тады хацелі забраць усё ў Мінск і там вучыць экскурсаводаў вадзіць экскурсіі, напрыклад, па Гродне, а таксама атэставаць іх ды браць за гэта грошы.


“Пытанне не ў тым – ці штрафаваць, бо штрафаваць абавязкова! Не дазваляць прафанацыі працы гіда! Пытанне ў тым, хто будзе даваць дазвол і ліцэнзіі, і хто будзе кантраляваць”, – лічыць Куль-Сяльверстава.

 

У Польшчы штрафуюць экскурсаводаў? Насамрэч не!

 

У Польшчы сапраўды раней штрафавалі гідаў без ліцэнзій, але з 2013 года старыя правілы скасавалі. “Зараз поўная свабода у дзейнасці гідаў”, – тлумачыць Таццяна Казак, экскурсавод у Варшаве. У прапанове Чырскага ёй не падабаецца ідэалагічная устаноўка – расказываць гісторыю толькі з беларускага пункту погляду – Таццяна лічыць гэта няправільным.


“З іншага боку беларускі гід усё ж плаціць, у ідэале, канешне, падаткі беларускай дзяржаве, а замежнік не. Таму тут важны хутчэй камерцыйны складнік”, – разважае Таццяна. Па яе словах, на неафіцыйных экскурсаводаў прапанаваныя змены амаль не адаб’юцца, бо такіх няшмат, толькі пачынаючыя. Большасць жа мае ліцэнзіі – без іх замовы ад турфірм не атрымаеш.

 

У спецыялістаў больш пытанняў, чым адказаў

 

Нелегальныя экскурсаводы былі і будуць, бо прымусам нічога не зменіш, лічыць Ганна Шарэнда з гарадзенскай турфірмы “Мерцана”. “Але для экскурсаводаў з замежных краін, можа, было б і варта [ўвесці абмежаванні]. Бо рускія і палякі часта прыязжаюць са сваімі экскурсаводамі. Тут шмат нюансаў”, – лаканічна тлумачыць яна.

 

З Ганнай згодна і дырэктарка “Мерцаны” Галіна Фацеева: “Гэта варта зрабіць. Але пытанне – што разумець пад словамі “нелегальны экскурсавод”?

 

Яна лічыць, што яшчэ не створаны нармальныя умовы і школ для экскурсаводаў, таму пасведчанне “атрымліваюць для галачкі з рук дылетантаў”. Таму, напрыклад, экскурсіі па Гродне прыезджым гідам трэба загадзя здаваць. Толькі каму? І хто будзе навучаць экскурсаводаў? Як будуць выпісвацца штрафы?


Вольга Русаковіч з фірмы “Трофі Бел-тур” больш ліберальна падыходзіць да справы: “Дастаткова было б чалавеку мець адукацыю, а турфірме заплаціць прадугледжаныя падаткі і ўсё! А яны што, вырашылі нейкую ідэалогію ўпіхнуць? Ці я чагосьці не разумею?”

 

Тупому экскурсаводу ліцэнзія не дапаможа

 

“Я перакананы, што безнадзейна тупога, бяздарнага экскурсавода не выправіць ніякае ліцэнзаванне”, – кажа гісторык Андрэй Вашкевіч, аўтар кніг і артыкулаў пра Гродна, сёлетні лаўрэат прэміі імя Ядкоўскага. Ён ўзгадвае забаўныя выпадкі, якія заўважыў нядаўна. Так, давялося пачуць ад жанчыны з бэйджам экскурсавода і мікрафонам, што царква на Каложы – гэта храм абарончага тыпу. “Гэта настолькі грубая памылка, што лагічна задаць пытанне – як такі чалавек атрымаў ліцэнзію”, – працягвае Андрэй.

 

Ён лічыць, што працу экскурсаводаў павінен рэгуляваць толькі адзін рынкавы элемент – попыт на іх паслугі ў спажыўцоў, бо пра добрага экскурсавода пойдзе добрая слава і да яго пойдуць людзі. “Ліцэнзаваць не трэба – у нас жа не ліцэнзуюць рэпетытараў або рамеснікаў” – прыводзіць прыклад Вашкевіч.

 

Адзінае, што на думку гісторыка трэба ўрэгуляваць – фінансавы момант. Андрэй лічыць, што экскурсаводы павінны атрымліваць у падатковай адмысловую кніжку з адрыўнымі талонамі: правёў экскурсію – аддаў талон экскурсанту, а сам разлічыўся з падатковай.

 

Андрэй тлумачыць, што ўвесь свет зараз ідзе па шляху адмены ўсялякіх абмежаванняў для экскурсаводаў. Гэтак, у Польшчы ўласных экскурсаводаў могуць сабе дазволіць толькі самыя турыстычныя гарады. Напрыклад, Кракаў з ягонымі мільёнамі турыстаў. “У Беларусіі і блізка няма такой шыкоўнай карціны з замежнымі турыстамі, таму там, дзе размова ідзе пра нейкія абмежаванні, я падазраю прыватны інтарэс вузкай групы людзей, якія хочуць выціснуць з рынку паслуг іншых людзей. Гэта ў выніку б’е па турызме, а гэта не толькі заробак для экскурсавода, гэта грошы, пакінутыя ў музеях, рэстаранах, крамах. Гэта транспартныя падаткі. Гэта імідж горада ў рэшце рэшт”, – падсумоўвае Андрэй.

 

Фота з Instagram