Ад дарагіх тэлефонаў да афрыканскіх тараканаў. Што гарадзенцы аддаюць дарам у інтэрнэце
За паўтары гады існавання ў групе было апублікавана больш за 15 000 запісаў, дзе гараджане дзяліліся рознымі рэчамі: пачынаючы ад абутку і жывёл, заканчваючы мэбляй і тэхнікай.
Стварыў групу мінчук Сяргей Лепчанкоў. Яго сетка паблікаў “Отдам Даром” ужо ахапіла амаль усю Беларусь. Гарадзенскім філіялам кіруе дыстанцыйна яго мінская калега Таццяна.
– Самае цікавае, што было, гэта афрыканскія тараканы і дарагія тэлефоны. На такое ёсць вялікі попыт, часам пачынаюцца спрэчкі і нават невялікія канфлікты паміж удзельнікамі групы. Але тут, хто першы паспее, той і забярэ, – расказала адміністратарка суполкi.
Не кожны паверыць, што айфон ці планшэт, хай сабе і стары, аддадуць бясплатна. Але Таццяна запэўнівае, што ў групе прапануюць усё: людзі абнаўляюць гардэроб, а таксама купляюць новую тэхніку, старое пры гэтым ім шкада выкідаць – вось і з’яўляюцца аб’явы з добрымі рэчамі.
Гарадзенская студэнтка Валерыя за мінулы тыдзень з дапамогай групы пазбавіла свой гардэроб ад непатрэбнага адзення.
– Аддала свае старыя рэчы, бо яны мне ўжо былі непатрэбныя, а людзям яны могуць спатрэбіцца. Напрыклад, дублёнку мужчына забраў дзеля матэрыялу, яму трэба было нешта паспрабаваць зрабіць. А паліто забрала дзяўчына, яна яго паспрабуе перашыць. Хоча зрабіць з яго нешта шыкоўнае. Месяц таму я аддавала звычайную вопратку – джынсы і кофты – людзі хутка разабралі.