Апытанне ў Дзень моладзі: чаго не хапае маладым гарадзенцам?

|

align=”” width=”725″ height=”544″ >

Вераніка, студэнтка:

 

– Мне здаецца, не хапае мерапрыемстваў і забаў у выходныя дні. Я не аматар начных клубаў і мне практычна няма куды пайсці. А так хацелася б больш устаноў, звязаных з нашай культурай і гісторыяй. Таксама трэба дапамагаць маладым талентам, пачынаючы ад мастакоў і фатографаў, заканчваючы танцорамі і спартоўцамі.

 

Антон, студэнт:

 

– У нас у горадзе не хапае забаўляльных цэнтраў. Акрамя кінатэатраў практычна няма куды схадзіць. Я доўгі час жыў у Мінску і з упэўненасцю магу сказаць, што там калі выходзіш у цэнтр, заўсёды можна нешта знайсці па інтарэсах. А што ў нас? У Гродне не сустрэнеш вулічных танцораў, якія збіраюць сотні людзей. А ёсць жа ў нас такія хлопцы, чаму б не даць ім магчымасці рэалізоўваць сябе на вуліцы…

 

Максім, кіроўца:

 

– Мяне ўсё задавальняе. Часу, каб хадзіць па начных установах, практычна няма. Здаецца, у нас у краіне для моладзі ўсе дзверы адчыненыя, галоўнае ведаць куды ісці і да каго звяртацца. У бліжэйшы час хацелася б убачыць у Гродне МакДональдс. Да мяне дайшлі чуткі, што яго будаўніцтва пачнецца ў хуткім часе на вуліцы Дубко. Я ўпэўнены, ён будзе акупацца не горш за “Калабкі”.

 

Таццяна, студэнтка:

 

– Нашаму гораду не хапае крэатыўнасці і ажыўлення. Тых жа арт-прастор, дзе магла б збірацца моладзь. Ёсць ДОМ 46 і фотацэнтр “Цяпло”, яны спрабуюць нешта стварыць, але ўсюды вузкі профіль. Хацелася б чагосьцi больш, дзе можна было б праводзіць свой вольны час, тэматычныя вечарыны, прагляд фільмаў і г.д. Вельмі засмучаная тым, што антыкафэ зачынілася, там была добрая атмасфера. Ёсць “Крама Ц”, але там катастрафічна мала месца, каб пагуляць кампаніяй у якія-небудзь гульні. Здаецца і Год моладзі ў краіне, але нiчога новага я не ўбачыла. Спрабавалі зрабіць скейт-парк, дык яго ўжо разбіраюць.

 

Рэната, студэнтка:

 

– Мне як маладой дзяўчыне не хапае ў горадзе адкрытых мерапрыемстваў і розных флэшмобаў. Дзяржава стараецца, гэта прыкметна, але падтрымка павінна быць больш. Мне, як музыканту, хацелася б больш мець зносіны з такімі ж людзьмi, як я. Не толькі ў двары на гітары, але і ў якой-небудзь установе.

 

Віктар, праграміст:

 

Не хапае усяго таго, што было раней. Тых жа спартыўных пляцовак, зялёных зон. Думаю, тую моладзь ужо не вярнуць. Яны зараз больш аддаюць перавагу зносінам анлайн, а не рэальным. Таксама трэба развіваць веласіпедны рух і флэшмобы. Напрыклад, у Мiнску гэта ёсць, а ў нас неяк слаба развіваецца. Ну і вядома, у нас не хапае працоўных месцаў для моладзі. Колькі людзей заканчвае ўніверсітэт, а вось знайсці працу iм вельмі праблематычна.

 

Насця, студэнтка

 

Мне хапае ўсяго. Я першы год ва ўніверсітэце, заняткаў там дастаткова. А вось маім сябрам, напэўна, не хапае сцен для графіці. Думаю, трэба аддаваць пад арт-пляцоўкі больш непатрэбных пабудоў.