Пачалося паляванне на гарадзенскiх гульцоў. Ці зможа зарабіць “Нёман”?

|

Уладзіслаў Васiлючак

 

Выхаванец футбольнай школы: ДЮСШ г. Ліда

Дэбютаваў у складзе “Нёмана” у сакавіку 2015 года.

– Гэты сезон дакладна трэба дагуляць ў Гродне, каб набрацца вопыту. А потым паглядзім. Калі будуць прапановы, будзем разглядаць, – сказаў Васiлючак у праграме “Час футбола” на старце футбольнага сезону.

 

У пачатку сезону галкіпер адыграў 8 тураў у асноўным складзе, а пасля саступіў месца ў варотах Сяргею Курганскаму. Праз 5 тураў Уладзіслаў вярнуўся на поле, але пасля разгромнага паражэння ў Барысаве 7:1, Васiлючак да канца чэмпіянату апынуўся на лаўцы запасных.

 

Калі ў чэмпіянаце сезон для галкіпера на задаўся, то на міжнароднай арэне Васiлючак выглядаў годна, яго запрашалі на кожны матч моладзевай зборнай.

 

За кошт добрых гульняў за зборную цэннік на яго вырас. Як паказвае нямецкi сайт transfermarkt.de практычна за год гулец падаражэў на 50 тысяч еўра.

Гарадзенскі спартыўны аглядальнік Уладзімір Кульбіцкі лічыць, што галкіперу яшчэ варта пагуляць у Беларусі:

 

Пра Васiлючака цяжка казаць, таму што практыкі нават на ўзроўні чэмпіянату Беларусі не было. А тая, што была – зусім не ўразіла. Неабавязковыя памылкі і заслужаны статус другога брамніка за спіной удалага Курганскага. Маё меркаванне – Уладзіславу варта падумаць пра тое, каб згуляць яшчэ сезон у чэмпіянаце Беларусі.

 

Цікавасць да Уладзіслава праяўляе сур’ёзная расійская каманда “Крылья Саветаў”. Па звестках “Прессбола” прагляд у расійскім клубе брамнік пройдзе ў канцы лістапада.

 

У снежні у футбаліста заканчваецца кантракт з “Нёманам”. Калі адбудзецца пераход у іншы клуб, гарадзенская каманда зможа атрымаць за гульца толькі кампенсацыю, бо гульцу няма яшчэ 23-х гадоў.


Павел Савіцкі

Паўабаронца не мае патрэбы ў прадстаўленні, бо за яго плячыма пяць сезонаў у Вышэйшай Лізе. Дэбютаваў ён у ёй у 16 гадоў. Таксама гарадзенец паспеў пагуляць за нацыянальную Зборную Беларусі ўсіх узростаў.

Паўгода таму Павел датэрмінова вярнуўся з “Ягелоніі”, куды быў аддадзены ў арэнду. Нягледзячы на шквал крытыкі, паўабаронца зноў зайграў у чэмпіянаце, і ў першым хатнім матчы прынёс перамогу свайму клубу. За 13 праведзеных матчаў у 2015 годзе ў Вышэйшай лiзе Савіцкі забіў 5 мячоў і аддаў адну галявую перадачу.


– Цікавасць да Паўла ёсць, як у Беларусі, так і за мяжой. Больш-менш усё высветліцца пасля заканчэння гэтага сезона. Павел нічога супраць “Нёмана” не мае, але яму трэба расці. Таму ў прыярытэце пераход у іншы клуб, – распавёў не так даўно бацька гульца, Алег Савіцкі.

 

Па апошнім дадзеным гарадзенскі паўабаронца трапіў у інтарэсы салігорскага “Шахцёра” і кіеўскага “Дынама”. Ёсць верагоднасць, што пасля матчаў Кубка Беларусі, Павел пройдзе прагляд ва Украіне.

 

Па дадзеным нямецкага сайта, з канца 2014 года цана на паўабаронцу звалілася з 900 тысяч да 700 тысяч еўра. У выпадку сыходу гарадзенца, “Нёман” не зможа зарабіць на Савіцкам вялікіх грошай, гулец сыдзе, як свабодны агент. Так як Паўлу няма 23-х, клуб можа разлічваць толькi на кампенсацыю.

 

За ўвесь час гульнявой практыкі ў “Нёмане” да гарадзенца праяўлялі цікавасць многія расійскія і нямецкія клубы, таксама быў званок з акадэміі “Манчэсцер сіці”. Але толькі ў 2015 годзе гулец стаў думаць аб працягу кар’еры ў іншым клубе і першай камандай была суседняя беластоцкая “Ягелонiя”.

 

Уладзімір Кульбіцкі лічыць, што, нягледзячы на добрую канцоўку сезону, Павел на дадзены момант можа разлічваць пакуль што на медалістаў Вышэйшай лігі:


– Нягледзячы на няўдалую паездку трохі на захад, малады гарадзенец знайшоў у сабе сілы вярнуцца на свой узровень і да канца чэмпіянату паказваў дыхтоўны футбол. Варыянт пераходу ў больш моцны чэмпіянат можа і магчымы, але я б больш верагодным сцэнарам назваў працягу кар’еры ў адным з клубаў-медалістаў чэмпіянату Беларусі. Напрыклад, “Шахцёры”.

 

Акрамя Васiлючака і Савіцкага, ёсць попыт і на іншых гульцоў “Нёмана”, але пра гэта мы распавядзем у бліжэйшым часе, калі будзем падводзіць вынікі чэмпіянату Беларусі.


Фота fcneman.by