Дзмітрый Іваноў з “Аддис Абебы” даў у Гродне развітальны канцэрт

Людзі, што прыходзілі ў “Тапаз” у апошнія хвіліны перад канцэртам, хіба не заўважалі зорку беларускага рэгі з цыгарэткай каля ўваходу. Між тым, Дзіма спакойна паліў і нязмушана размаўляў з кожным, хто падыходзіў. 

Дзіма падзяліў выступ на два аддзяленні, але вырашыў зміксаваць старыя і новыя песні. Бо новая праграма Іванова навеяна апошнімі палітычнымі падзеямі, яна больш сур’ёзная і змрочная, а “не хацелася адным аддзяленнем усіх у дэпрэсію загнаць”.

 

Хоць на першы погляд песні “Аддис Абебы” легкія і несур’езныя, за многімі стаіць сур’ёзны пасыл. Дзіма выканаў песню, прысвечаную Нельсану Мандэле, змагару за правы цемнаскурых, песню пра піцерскіх вулічных дзяцей, песню, прысвечаную памерлым сябрам, якіх ён страціў шмат за апошні год. Адну песню ён выканаў на англійскай мове, выбачыўшыся за акцэнт. Са старых гарадзенцы пачулі “Лето”, “Любовь”, песні пра Крым і пра першае каханне. “Беражыце каханых”, – заклікаў Дзіма.

 


 

Іваноў выступаў у львоўскай вышыванцы і растаманскім рамні на джынсах. Дрэды звісалі аж да каленяў. Гарадзенцам ён казаў, каб не паўтаралі яго подзвігі і не з’язджалі кудысьці далёка, а жылі камунамі з сябрамі ў весцы: “Вёска – гэта крута”.

 

Канцэрт праходзіў у рэстаране і раскладзеныя на сталах прыборы выглядалі крыху недарэчна, бо ўсяго некалькі чалавек замовілі піва з чыпсамі ці чай.

У канцы самая адданая частка слухачоў не сышла, а абступіла Дзіму і папрасіла на біс песню “Чебурашка”. Артыст не адмовіў.

Пазней, у нефармальнай размове, зорка рэгі прызнаўся, што ён – былы панк. Дзіма распытваў пра дзейнасць гарадзенскіх Deviation, Contra la Contra і “КальЯн”. Гэтыя гурты ўжо сталі гісторыяй. Відаць, хутка ў гэты ж шэраг стане і “Аддис Абеба”.

 

Хутка на сайце з’явіцца інтэрв’ю з Дзмітрыем Івановым.