В Гродненской областной библиотеке появился 3D-принтер

У наступным годзе ў бібліятэцы плануецца адкрыць творчыя лабараторыі для дзяцей і моладзі. Адна з іх акурат дазволіць навучыцца працаваць з 3D-друкаркай.

 

У прамысловасці такія прынтары атрымліваюць усё большае распаўсюджванне ў самых розных галінах – пачынаючы ад дробных прадметаў інтэр’еру, таблетак і заканчваючы будаўніцтвам дамоў і самалётаў (такія друкаркі могуць запраўляцца не толькі пластыкам, але і іншымі матэрыяламі). Можна намаляваць аб’ект на камп’ютары, а потым “раздрукаваць” яго.

 

Усталяваны ў бібліятэцы прынтар выкарыстоўвае для друку замест чарніл і фарбы пластык, які выліваецца ў патрэбную форму і маментальна застывае. Раздрукаваць можна запампаваны з інтэрнэту або створаны самастойна на камп’ютары 3D аб’ект. Праўда, атрымаецца ён адносна невялікім – 10 на 10 сантыметраў і 12 у вышыню. Дэталь для самалёта наўрад ці, а вось перачніцы для дома па ўласным эскізе раздрукаваць можна.

 

Сёння бібліятэка запрашае да супрацоўніцтва творчых гродзенцаў, якім цікава асвоіць самім, а затым навучыць іншых працаваць на прынтары.

 

Гэта не адзіныя тэхнічныя навінкі, якія ёсць у бібліятэцы. Многія дзеці, якія прыходзілі летам на мерапрыемствы “Бібліятэка пад адкрытым небам” і іншыя, з задавальненнем пісалі 3D-ручкай, у якую таксама запраўляецца каляровы пластык. Неўзабаве дзеткам прапануюць успомніць або падвучыць фізіку: з набору дэталяў трэба дакладна сабраць электрычны ланцуг. Там ёсць правадкі, малюсенькі перамыкач, святлодыёдныя лямпачкі. Правільна ўсё злучылі – і можна здзіўляць сяброў самаробнымі бранзалетамі, закладкамі або іншымі штучкамі, якія свецяцца.