“Нёман” часова ўзначаліў рэйтынг самых беларускамоўных спартовых клубаў

|

Ігар Случак другі год запар складае рэйтынг “Самы беларускамоўны спартовы клуб Беларусі”. У 2014 годзе ФК “Нёман” набраў толькі 5 ачкоў з 50 магчымых і заняў 12 месца са 100 клубаў. Сёлета ў прамежкавым рэйтыгу сярод 40 клубаў, што ўжо былі атэставаны, клуб займае першае месца з 20 ачкамі з 60 магчымых.


– За гэты год у выкарыстанні беларускай мовы ў “Нёмана” вялікі прагрэс – ачкі клуб атрымаў за беларускамоўнае табло на стадыёне, беларускамоўныя сацыяльныя сеткі (Фэйсбук, Твітэр, Інстаграм і Ютуб), з сярэдзіны сезона на стадыёне працуе беларускамоўны дыктар, клубны аўтобус мае беларускамоўнае вонкавае аздабленне, – тлумачыць Ігар. Ён упэўнены, што ў выніковым рэйтынгу, які з’явіцца перад Калядамі, “Нёман” дакладна трапіць у першую дзясятку.

 

– Хачу шчыра падзякаваць усім тым супрацоўнікам клуба, што маюць дачыненне да беларусізацыі “Нёмана” – ваша праца ідзе не толькі на карысць клуба, але і на карысць усяго беларускага спорту і Беларусі ў цэлым. Посьпехаў “Нёману” у будучым сезоне! – кажа Ігар Случак.

 

У прэс-службе “Нёмана” распавялі, што зараз распрацоўваецца беларускамоўная версія сайта: кавалак працы вялікі, але не складаны. Ужо хутка заўзятары гарадзенскага клуба змогуць убачыць новую версію сайта на роднай мове.